папраціра́цца, ‑аецца; зак.
Працерціся ў многіх месцах, працерціся — пра ўсё, многае. [Паліто] хутка давядзецца замяніць, бо які ні моцны на ім матэрыял, а ўсё ж і ён падаецца і ўжо сям-там папраціраўся. Сабаленка.
папраціра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Працерці што‑н. у многіх месцах, працерці ўсё, многае. Папраціраць штаны на каленях. □ Папрацірала [Ганька] старонкі: ніяк не намалюе.. майскага жука. Васілевіч.
2. Выціраючы, зрабіць чыстым усё, многае. Папраціраць шыбы.
папрацэ́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Працадзіць усё, многае. Папрацэджваць малако.
папраця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Працягнуць усё, многае. Папрацягваць вяроўкі цераз двор. Папрацягваць рукі. Папрацягваць ніткі ў іголкі.
папрацяка́ць, ‑ае; зак.
Разм. Працячы — пра ўсё, многае.
папрачына́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Прачнуцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Некаторыя раненыя папрачыналіся, і чуваць было, як яны з крэктам варочаліся з аднаго боку на другі. Лобан. Была летняя раніца і тая сцішанасць, калі яшчэ не ўсе папрачыналіся і вуліц не запоўніла людская мітусня і гамонка. Сабаленка.
папрачы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Прачытаць усё, многае.
папрачышча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Прачысціць усё, многае. Папрачышчаць каміны.
папраша́йка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑шайцы, Т ‑ай (‑аю), ж.
1. Чалавек, які займаецца жабрацтвам, пабіраецца; жабрак.
2. Той, хто ўвесь час выпрошвае што‑н., дакучае ўсім просьбамі. Усвядоміўшы сваё незайздроснае становішча папрашайкі, Мурлік неўзабаве сам пачаў лавіць рыбу. Рылько.
папраша́йніцтва, ‑а, н.
1. Занятак папрашайкі; папрашайнічанне. Высокі, з доўгай скудлачанай сівай барадою дзед у цёмных акулярах, абвешаны торбамі, другі дзень цягаўся з хлопчыкам-павадыром гадоў дзесяці за абозам і нахабна прыставаў з папрашайніцтвам. Машара.
2. Выпрошванне чаго‑н.