Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удзьму́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

Тое, што і удзьмуць.

удзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак., што.

Дзьмучы, увагнаць струмень паветра, газу куды‑н.

удзялі́ць, удзялю, удзеліш, удзеліць; зак., што.

Выдзеліць, аддзяліць частку, долю чаго‑н. для каго‑н. [Туравец:] — Я на цябе, Рыгор, вельмі спадзяюся. Таму і месца даў пагарачэй. — Бачу. Па знаёмству ўдзялілі. Мележ. // перан. Прысвяціць, аддаць у распараджэнне каму‑н. (пра час, увагу і пад.). [Марына Паўлаўна:] «Трэба разабрацца ў сваім часе, сабе і сыну крыху ўдзяліць яго»... Васілевіч. Мартын удзеліць .. [Аўгіні] столькі ўвагі, колькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. Колас.

удзяля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да удзяляць.

удзяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да удзяліць.

удзяўбці́, ‑бу, ‑беш, ‑бе; ‑бём, ‑бяце; пр. удзёўб, удзяўбла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Часта ўдараючы, разрыхліць што‑н., зрабіць паглыбленне, адтуліну ў чым‑н. Зямля так умерзла, што не ўдзяўбці яе.

2. Тое, што і удзеўбануць.

3. перан. Разм. Неаднаразова паўтараючы, заставіць цвёрда засвоіць, зразумець што‑н.; убіць. [Тамаш:] — Іначай жыць .. [дзеці] будуць. Я гэта сам удзёўб сабе ў галаву і ўсім дзяўбу. Чорны.

удзя́чнасць, ‑і, ж.

Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.

удзя́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адчувае, выказвае ўдзячнасць. Удзячны чытач. □ Мажэйка быў удзячны Івану за тое, што ён падтрымліваў Святлану ў цяжкія дні. Шахавец. [Лабановіч:] — Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне. Колас. [Ваня:] — Век буду ўдзячны, толькі памажыце. Новікаў. // Які прасякнуты ўдзячнасцю, выяўляе ўдзячнасць. Удзячны позірк. Удзячная ўсмешка. □ Многа яшчэ чуецца прыемных і ўдзячных слоў у адрас старога пастуха Ферапонта. Ракітны. — Жэнечка... родны мой... — шапнула [Ліда] і адразу .. заплакала ўдзячнымі слязамі маткі. Брыль. Ва ўдзячнай памяці мінчан навечна астануцца імёны герояў. «Полымя».

2. перан. Які абяцае добрыя вынікі, плён; можа апраўдаць затрачаныя сілы, сродкі. Удзячная тэма. □ Алёша .. лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Шамякін.

удму́рт,

гл. удмурты.

удму́ртка,

гл. удмурты.