дакрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Крануць каго‑, што‑н., даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Мікуць дакрануўся рукою да халоднага металу, пагладзіў лапчастае шырокае кола. Чорны. Сяргей заснуў адразу, як толькі дакрануўся галавой да падушкі. Шахавец. // (звычайна з адмоўем). Паспытаць, паспрабаваць чаго‑н. [Людзі] папрасілі пераапрануцца, надта спяшаліся, нават не дакрануліся да матчынага пачастунку. Мікуліч. Канстанцін Міхайлавіч амаль не дакрануўся да вячэры. Лужанін.
дакрасава́ць, ‑суе; зак.
Скончыць красаваць; адкрасаваць. Дакрасавала жыта.
дакро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.
Закончыць кройку чаго‑н. Дакроіць сукенку.
дакро́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да дакройваць.
дакро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дакроіць.
дакро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Крочачы, дасягнуць якога‑н. месца. Дакрочыць да вёскі.
дакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. Кончыць круціцца. Дакруціліся апошнія танцавальныя пары.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закруціцца поўнасцю, да канца. Шруба дакруцілася.
3. Круцячыся, дасягнуць якога‑н. месца. Ваўчок дакруціўся да стала.
4. перан. Разм. Адмоўнымі паводзінамі давесці сябе да непрыемных вынікаў. Хто, ажаніўшыся, круціцца, той да ліха дакруціцца. З нар.
дакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Скончыць круціць, пракручваць што‑н. Дакруціць заверцень. Дакруціць дзірку.
2. Закруціць поўнасцю, да канца. Дакруціць кран. Дакруціць гайку.
дакру́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дакруціць.