Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неўзнакі́, прысл.

Абл. Непрыкметна, неўзаметку. Туды, на захад, за кардоны, лячу я ў думках неўзнакі. Колас.

неўкамплектава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўкамплектаванага; адсутнасць камплекта штата. Неўкамплектаванасць лабараторыі.

неўкамплектава́ны, ‑ая, ‑ае.

Няпоўны па саставу. Неўкамплектаваны штат установы.

неўладкава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неўладкаванага; адсутнасць сістэмы ў чым‑н. Неўладкаванасць спраў. □ Хлопчык пасек лазы, навысякаў колля і змайстраваў гэтакі добры будан, і калі б не вайна, калі б не раненыя ды не гора і боль навокал, можна было б забыцца на неўладкаванасць ляснога быту. Сабаленка.

неўладкава́нне, ‑я, н.

Стан неўладкаванага. Калі .. [Міхась Ларывончык] прыязджаў, .. [Алімпа] як бы расцвітала, весялела, бо тое гора асабістага неўладкавання, здавалася, меншала. Сабаленка.

неўладкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Не прыведзены да ладу; неўпарадкаваны. Неўладкаваная гаспадарка. Неўладкаваныя справы.

2. Не забяспечаны ўсім неабходным. Жыве.. [Дзямковіч] у чужой хаце, у маленькім пакойчыку, жыццё неўладкаванае, як у халасцяка. Палтаран. Вучылішча было маладое, працавала толькі другі год, і майстэрні пакуль былі неўладкаваны. Даніленка.

неўласці́ва,

1. Прысл. да неўласцівы.

2. безас. у знач. вык. Нязвычна. Яму неўласціва спазняцца.

неўласці́вы, ‑ая, ‑ае.

Не характэрны каму‑, чаму‑н.; нязвычны для каго‑, чаго‑н. Марына Астапаўна прыпынілася, заглянула.. [Арэшкіну] у твар і з неўласцівым ёй раздражненнем сказала: — Пайшлі вы к чорту, Арэшка! Абрыдла мне ўсё гэта! І не чапляйцеся вы да мяне. Шамякін. Цвёрдыя пшаніцы, высеяныя ў неўласцівых для іх глебава-кліматычных умовах, .. змяняюць свае марфалагічныя адзнакі. «Весці».

неўмало́тны, ‑ая, ‑ае.

Які дае малую колькасць зерня пры абмалоце. Жыта дробнае.. Саломка яго тоненькая, а каласы кароценькія — неўмалотнае. Мурашка.

неўміру́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць неўміручага; вечнае існаванне. Неўміручасць прыроды. □ Выдатныя справы, працоўны гераізм цяперашняга пакалення — гэта найярчэйшае сведчанне неўміручасці герояў Вялікай Айчыннай вайны, трыумф вечнай славы нашага народа. Машэраў.