Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

панацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм. Тое, што і панацягваць (у 3 знач.). На фермах адразу палепшылася: загладзілі пазадзіраныя ветрам чубы на стрэхах, пазатыкалі шчыліны ў сценах, панацягалі на столь саломы. Дуброўскі.

панаця́гваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад панацягваць.

панаця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Нацягваючы, напяць усё, многае. Панацягваць вяроўкі.

2. што. Разм. Надзець на сябе многа чаго‑н., накрыцца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Ледзь толькі мы з Саўкам паспелі панацягваць на сябе коўдры, з печы пачала падаць на нас лучына. Сачанка.

3. чаго. Разм. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў вялікую колькасць чаго‑н. Панацягваць галля. □ Панацягвае [арлан] малым у гняздо ўсялякага корму ў запас, сам пад’есць і тады зноў садзіцца на беразе, п’е ваду і чысціць пер’е. В. Вольскі.

панацяка́ць, ‑ае; зак.

Нацячы ў вялікай колькасці.

панацяру́швацца, ‑аецца; зак.

Нацерушыцца ў многіх месцах, у вялікай колькасці. Пабялела сена на дарозе, што панацярушвалася з вазоў. Пташнікаў.

панацяру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Нацерушыць у многіх месцах, у вялікай колькасці. Панацярушваць саломы.

панацярэ́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Разм.

1. Высякаючы, нацерабіць многа чаго‑н. Панацярабліваць лазы.

2. Ачысціць ад лісця, карэння ў вялікай колькасці. Панацярэбліваць вецця. Панацярэбліваць буракоў.

паначава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак.

Разм. Правесці дзе‑н. ноч, застаўшыся на начлег; пераначаваць. — Я не адзін, дзядуля,.. — заклапочана прамовіў Грышка. — Са мною цэлая брыгада. Можа, хлопцы паначуюць сёння ў нас? Паслядовіч.

паначапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і паначэпліваць.

паначы́, прысл.

Разм. Тое, што і поначы. [Сяляне:] — Што вы за людзі? Чаго паначы швэндаецеся па лесе? Лынькоў.