Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

панаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Навесці, прывесці ў вялікай колькасці. Панаводзіць дзяцей у хату.

2. Накіраваць у бок каго‑н. многа чаго‑н. [Паліцыянты] падумалі, што хлопец збіраецца даць дзёру, і панаводзілі на яго пісталеты. Сабаленка.

панаво́зіць, ‑вожу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-чаго.

Навезці, прывезці ў вялікай колькасці. І закруцілася машына. Адкуль узяліся і тыя будаўнічыя матэрыялы. Панавозілі цэглы, цэменту, шкла. Палтаран.

панаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Наараць у вялікай колькасці.

панаву́чвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Навучыцца чаму‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе панавучваліся шыць. Вітка.

панаву́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Навучыць чаму‑н. усіх, многіх. Казіміру было сумна, бо ён тут здружыўся з народам, прывык да яго, і цяпер не хацелася пакідаць і гэтых мілых дзяўчатак, якіх ён панавучваў сапраўднай рабоце ў сябе ў бухгалтэрыі. Скрыган.

панавя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Зрабіць шляхам вязання многа чаго‑н. Панавязваць пальчатак.

2. што. Пачапіць, завязаць што‑н. усім, многім. Панавязваць званкі на шыю жывёле.

панаганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. каго-чаго. Нагнаць, сабраць у адным месцы многа каго‑, чаго‑н. На могілках на дзядзінцы ляжала каменне — крушнямі; сюды панаганяла з вясны, яшчэ ў паводкі, пяску, і цяжка было ступаць: вязлі ногі. Пташнікаў.

2. што. Нацерці (пра мазалі). Панаганяць мазалі на руках.

3. што. Набіваючы, насадзіць на што‑н. усё, многае. Панаганяць абручы на бочку.

панагіна́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Нагнуцца, нахіліцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Жанкі стаялі, панагінаўшыся над радкамі, кожная на сваёй дзялянцы. Скрыган.

панагіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Нагнуць, нахіліць усё, многае. Усё балота ўкрыла раса — кроплі такія важкія, што аж панагіналі да самай зямлі травінкі. Сачанка.

панагі́я, ‑і, ж.

Нагрудны знак праваслаўных епіскапаў у выглядзе невялікай упрыгожанай іконы на ланцужку.

[Грэч. panagía.]