разбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да разборкі. Разборачны цэх.
разбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1 знач.).
разбо́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць разборлівага.
разбо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які лёгка разабраць, успрыняць на слых, зрокам і пад.; выразны. Разборлівы почырк.
2. Патрабавальны, строгі ў выбары або ацэнцы каго‑, чаго‑н. Больш разборлівыя танцоры, якім надакучыць прасіць прабачэння за штуршкі, пакідаюць залу з жалем, уздыхаючы: — Эх, нават і сёння не дадуць патанцаваць. Карпюк.
разбо́рны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які можна разабраць, разняць на часткі і зноў сабраць. Разборны домік. Разборная кніжная паліца. Разборныя гантэлі.
разбо́ўтаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбоўтаць.
2. у знач. прым. Які размясілі, размяшалі ездзячы, ходзячы. Людзі помняць усялякія здарэнні .., як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між камення на дне топкай разбоўтанай гразі. Пестрак.
разбо́ўтацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Размяшацца, перамяшацца ад боўтання. Чарніла разбоўталася. Малако разбоўталася.
2. Боўтаючыся, разліцца. Вада разбоўталася. Трэцяя частка смятаны разбоўталася.
разбо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Узбоўтваючы, размяшаць, перамяшаць. Разбоўтаць цеста. □ Хутка мне стала крыху лягчэй: рукамі і нагамі я разбоўтаў вакол сябе гразь. Гаўрылкін.
2. Боўтаючы, разліць. Разбоўтаць малако з бітона.
разбо́ўтвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да разбоўтацца.
2. Зал. да разбоўтваць.
разбо́ўтваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разбоўтаць.