Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малаціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не выклікае вялікай цікавасці. Малацікавая гутарка.

2. Малапрывабны, не вельмі прыгожы.

малаці́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да малацьбы; які служыць для малацьбы. Малацільны агрэгат.

малаці́цца, ‑лоціцца; незак.

1. Падвяргацца, паддавацца абмалочванню. Сухое жыта добра малоціцца. □ [Сазон:] — Каб, далібог, гэткія ўсе былі [як Аўдоля], дык у мяне ў брыгадзе, як той кажа, само б і насілася б, і сушылася б, і жалася б, і малацілася б. Ермаловіч.

2. Зал. да малаціць (у 1 знач.).

малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.

1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.

2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.

3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.

4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.

малацьба́, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. малаціць (у 1 знач.). Пачаць малацьбу. Закончыць малацьбу. // Час, пара, калі малоцяць. Адышлі гарачыя дні малацьбы. Даніленка.

малацьбі́т, ‑а, М ‑біце, м.

Той, хто малоціць. — Ты адзін цупаеш цэпам, і рукі дранцвеюць, падымацца не хочуць. А стануць чатыры малацьбіты ды як жарнуць — адкуль яно што і возьмецца. Колас.

малаця́млівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мала, слаба цяміць; някемлівы. Малацямлівае дзіця.

малача́евы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да малачаю. Малачаевы сок.

2. у знач. наз. малача́евыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, лісты і сцёблы якіх утрымліваюць белы сок.

малача́й, ‑ю, м.

Травяністая або кустовая расліна сямейства малачаевых з ядавітым белым сокам. Печышча даўно размокла, расплылася ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі.

малача́йнік, ‑у, м.

Тое, што і малачай. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік — дробная кветка на высокім сцябле. Чорны.