Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пако́лькі, злучн.

Ужываецца пры даданых прычынных сказах у значэнні: «так як»; «таму што». Стрэлкі, якая раней вяла на ветку [чыгункі], не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала. Лынькоў. — Паколькі мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... Шахавец.

пако́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., з кім-чым.

1. Палажыць назаўсёды канец чаму‑н., спыніць што‑н. Кастрычніцкая рэвалюцыя пакончыла і з нацыянальным прыгнечаннем. Бярозкін. — Даб’емся сяброўскае згоды, Пакончым са зброяй навек! Броўка.

2. Разм. Знішчыць, забіць, прыкончыць. Паспелі хлапцы яшчэ да цягніка з канвоем пакончыць. Няма больш канвою. Зарыцкі.

пако́паны,

гл. пакапаны.

пако́ра, ‑ы, ж.

1. Поўнае падпарадкаванне, пакорнасць. [Мамка:] — Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім оісорсткая. Хай пакора, хай нават рабства. Караткевіч. Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў.

2. Паслушэнства, пакорлівае прыняцце лёсу. Чалавек у пакоры схіліў галаву на правае плячо і падвёў вочы пад лоб. Пестрак. Не хрысціянская пакора і слухмянасць, а воля да жыцця і барацьбы кіруюць чалавекам. Лужанін.

пако́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакарыць ​1.

пако́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пакорлівага. Цвінгелю Ліда спадабалася. За пакорлівасць і ціхмянасць, за працавітасць і ўвішнасць. Кавалёў.

пако́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка пакараецца каму‑, чаму‑н., паслухмяны, падатлівы. Заўсёды ціхая і пакорлівая, маці гаварыла на гэты раз гучна і рашуча. Ваданосаў. // Які выражае пакорлівасць, паслухмянства. [Даша] змоўкла, чакаючы, што ён скажа. А Язэп маўчаў, уражаны яе словамі і пакорлівым тонам, якім яна гаварыла пра сваю смерць... Асіпенка.

пако́рмлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакарміць.

пако́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пакорнага.

пако́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пакорлівы. Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.

•••

Ваш пакорны слуга (уст.) гл. слуга.