Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пакла́ўшы,

Дзеепрысл. зак. ад пакласці.

•••

Паклаўшы руку на сэрца — шчыра, чыстасардэчна (гаварыць, прызнацца).

пакле́іць, ‑ею, ‑еіш, ‑еіць; зак., што.

1. Склеіць, абклеіць усё, многае.

2. і без дап. Клеіць некаторы час.

паклеймава́ць, ‑кляймую, ‑кляймуеш, ‑кляймуе; зак., каго-што.

1. Пазначыць клеймамі. Паклеймаваць коней. Паклеймаваць швейныя вырабы.

2. Клеймаваць некаторы час. Гадзіну паклеймаваў і кінуў.

паклёп, ‑а, м.

Ілжывае абвінавачанне. — Не веру я таму, што тут напісана. Мана ўсё гэта, паклёп на чэснага чалавека. Сабаленка. — Нават не хачу на такі паклёп адказваць. — Даміра вярнуў пісьмо, не дачытаўшы да канца, закурыў. Асіпенка.

паклёпнік, ‑а, м.

Той, хто паклёпнічае, распаўсюджвае паклёп. [Мароз:] — Мы сурова пакараем як паклёпніка, так і таго, хто памагаў яму. Лобан. Валодзя Полаз на поўны голас філасофстваваў аб подласці людзей, якія пішуць ананімныя пісьмы, і аб нікчэмнасці тых, хто падтрымлівае паклёпнікаў нават у думках. Шамякін.

паклёпніца, ‑ы, ж.

Жан. да паклёпнік.

паклёпніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паклёпу, паклёпніка. Паклёпніцкія прыёмы. // Які змяшчае паклёп. Паклёпніцкая заява.

паклёпніцтва, ‑а, н.

Узвядзенне паклёпу; нагаворы. Дабіўся [Кавалеўскі] .. высокага становішча сваёй празмернай сабачай адданасцю пану, розным паклёпніцтвам на людзей з двара і подлым падхалімажам. Машара.

паклёпнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Займацца паклёпам, распаўсюджваць пра каго‑н. заведама ілжывыя чуткі; нагаворваць на каго‑н. [Бацькі] раптам змянілі тактыку: перасталі лямантаваць і паклёпнічаць на сына. Машара.

паклі́каны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паклікаць.