Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пакаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. каго-што. Пачаць каціць, прымусіць каціцца (пераважна што‑н. круглае). Раптам свавольнік-вецер сарваў з галавы хлопчыка шапку і пакаціў яе, як мячык, па полі, у бок ад дарогі. Сіняўскі. // Пачаць рухаць, везці што‑н. на колах. Айцец Сабольскі падняў веласіпед з дарогі і пакаціў яго ў руках, чапляючыся нагамі за пні. Пташнікаў. Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Мележ.

2. Разм. Пачаць перамяшчацца (аб транспартных сродках). Неўзабаве.. [прышэльцы] выйшлі — завуркатаў на вуліцы матор, і легкавік ціха, як бы нехаця, пакаціў да станцыі. Вышынскі. // Паехаць, адправіцца куды‑н. [Ірына] пашыла з паўтузіна новых шаўковых халатаў і пакаціла ў Сачы. Краўчанка.

3. што. Перамяшчаць сілай цячэння. Рака Сасна дажджэцца той пары, Што зноў пакоціць хвалі праз бары. Астрэйка.

4. каго-што. Разм. Паваліць, прымусіць упасці. Вася падхапіўся з зямлі. Пачырванелы, сярдзіты. — Давай яшчэ раз!.. Мы схапіліся зноў. Тузаліся, тузаліся, і я зноў пакаціў яго. Рунец.

•••

Хоць шаром пакаці — пуста, нічога няма.

пакачава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак.

Начаваць некаторы час.

пакача́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пакачаць (у 2 знач.).

пакача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Качацца, валяцца некаторы час. Распрогшы каня, Аўрам пусціў яго на прыгуменне пакачацца, потым выняў з воза мех з канюшынай і кінуў на зямлю. Чарнышэвіч. Усе сышліся на высокім і паляўнічым беразе Нёмана, дзе можна было пакачацца на зялёнай траўцы. Колас.

пакача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Качаць некаторы час. Пагуляюць [дзеці] у хаце, пры лучыне, а потым ідуць на вуліцу. Вядома, малыя: трэба ж ім і кацёлку пакачаць, і на рэчку збегаць. Якімовіч. [Камандзір:] — Акурат там, я чуў, трэба рабочыя, то і ты трохі разам з іншымі бярвенне пакачай. Сачанка.

2. Разгладзіць, выпрастаць пры дапамозе качалкі ўсё, многае. Пакачаць бялізну.

3. Паваліць на зямлю, перамагчы пры дужанні ўсіх, многіх.

пака́шліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакашліваць; а таксама гукі гэтага дзеяння.

пака́шліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Кашляць час ад часу. Бацька курыў з прагнасцю і пакашліваў. Пестрак. У гэты час на лесвіцы паказаўся Тарасюк. Ён ішоў, апусціўшы галаву, і пакашліваў у кулак. С. Александровіч.

пака́шляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Кашлянуць некалькі разоў; кашляць на працягу некаторага часу. [Сымону] далі слова. Ён доўга не адважваўся, пасля выйшаў, без патрэбы пакашляў. Чорны.

пакаштава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што, чаго і з дадан. сказам.

1. Паспытаць яду, піццё на смак, гатоўнасць і пад. Пакаштаваць святочны пірог. □ — А цяпер, — выціраючы вусы, сказаў Раман Дзянісавіч, — пакаштуем, што нам прыгатавала маці... Хадкевіч.

2. перан. Спазнаць на ўласным вопыце. — Так, Мартын Ягоравіч, пакаштаваў ты гора, — перапыніў яго Злобіч. М. Ткачоў.

пакая́нне, ‑я, н.

1. Прызнанне веруючым сваіх грахоў перад свяшчэннікам. Тарасіха раптам загаласіла: — А навошта ж вы яго па-а-слалі-і-і. Загінуў бедны без па-а-каяння-а-а... Асіпенка.

2. Прызнанне сваіх памылак. — Транспарт узяў без дазволу, — з пакаяннем у голасе загаварыў Шыпулька. Кулакоўскі.

•••

Адпусціць душу на пакаянне гл. адпусціць.