пакга́узны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пакгауза. Пакгаузнае памяшканне.
паке́пліванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакепліваць.
паке́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., з каго-чаго.
Разм. Кпіць, насміхацца. Хлопцы сядзелі ў бытоўцы, курылі і пакеплівалі адзін з аднаго. Грахоўскі. Дзеці дражняць Сцёпку сцяблом-граблом, відаць, за доўгія ногі і часта з яго пакепліваюць. Хомчанка.
паке́т, ‑а, М ‑кеце, м.
1. Папяровы пакунак, скрутак з чым‑н. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства. Колас. Энрыка прыносіў і клаў на стол па загаду «свайго шэфа» папкі фатаграфічных здымкаў і распалены кальян.. Тады тонкімі, зусім не мужчынскімі пальцамі афіцэр развязваў пакеты з фатаграфіямі і разглядаў іх, раскідаючы побач. Мікуліч.
2. Папяровы, поліэтыленавы і пад. мяшочак для прадуктаў. З вясёлым смехам і жартамі ўсе працягнулі рукі да пакета, бралі грушы, частаваліся. Дуброўскі.
3. Канверт з якой‑н. афіцыйна-дзелавой паперай. Сакрэты пакет. □ Камандзір палка перадаў мне пакет і загадаў адвезці яго ў штаб дывізіі. Хомчанка.
•••
Індывідуальны (перавязачны) пакет — спецыяльна ўпакаваная гатовая асептычная і антысептычная павязка для накладання на раны самім раненым або асобай, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу.
[Фр. paquet.]
пакетбо́т, ‑а, М ‑боце, м.
Уст. Марское паштова-пасажырскае судна.
[Англ. packet-boot.]
паке́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пакета; звязаны з вырабам або выкарыстаннем пакетаў. Пакетная папера. Пакетны цэх.
паківа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Кіўнуцца некалькі разоў; ківацца на працягу нейкага часу. Мікалай Пятровіч сеў. Паспрабаваў паківацца — не скрыпіць. Устаў, падняў крэсла .., прыжмураным вокам агледзеў — добра зроблена! Нядзведскі. Галасок з таямнічай загадкавасцю паківаў пальцам, сам паківаўся, і яго тонкая, як жардзіна, постаць, здавалася, вось-вось пераломіцца ў поясе. Савіцкі.
2. Разм. Пайсці ківаючыся, перавальваючыся з нагі на нагу. Увішна тэпаючы трохкутнымі лапкамі па густой, нізка пагрызенай траве, .. сытыя качкі подбегам паківаліся на выган, да рэчкі. Брыль.
паківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым.
Кіўнуць некалькі разоў. Задумаўся дзед і сам сабе паківаў галавою — цікавыя бываюць на свеце праявы. Колас.
•••
Паківаць пальцам — пагразіць каму‑н.
пакі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Кідацца на працягу нейкага часу. — Захварэла [маці] пры немцах на тыфус. Тыдні тры пакідалася ў гарачцы і памерла. Грахоўскі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Кінуцца, упасці на што‑н. або куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Камандзір даў каманду спыніцца. Чырвонаармейцы пакідаліся на траву пад бярозамі, паабапал шырокай дарогі. Чорны.
пакіда́цца, ‑а́ецца; незак.
Зал. да пакіда́ць.
пакі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Кідаць на працягу нейкага часу. Пакідаць мячык. Пакідаць стагі да вечара. □ Віхура вайны .. нямала пакідала мяне па беламу свету. Хомчанка.
2. Кінуць, шпурнуць як папала ўсё, многае. Пакідаць усё каменне ў яму. Пакідаць рэчы на воз. □ Пакідаўшы ў кусты вербалозу рыбацкае прыладдзе, дзядзька і пляменнік шыбуюць у вёску. Сачанка. [Салдаты] ад нечаканасці і страху пакідалі свае карабіны і кінуліся .. ў лес. Колас.
3. Скідаць у стог усё, многае (пра сена, салому і пад.); завяршыць стагаванне.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакінуць каго‑, што‑н. назаўсёды або часова — пра ўсіх, многіх. Калгаснікі .. [у час адступлення арміі] пакідалі свае хаты і паехалі далей ад лініі фронту. Федасеенка. І раптам наша рыбацкае захапленне і спакой парушыў страшэнны крык. Мы пакідалі вуды і выскачылі з-за куста. Ляўданскі.
пакіда́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да пакінуць (у 1–10 знач.).