пакая́нны, ‑ая, ‑ае.
Які змяшчае ў сабе пакаянне. А галаву свідравала адна пакаянная думка: «Навошта я браў паручыцельства ў Пазняка?..» Дуброўскі. / у знач. наз. пакая́нная, ‑ай, ж. Хадзіла нават такая пагалоска, што Мілеўскі потайкам паслаў просьбу да земскага начальніка. Ён пісаў пакаянную, прасіў закінуць за яго слова перад адпаведным начальствам. Колас.
пака́яцца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прызнаць сваю віну, памылку перад кім‑н. [Пніцкі:] — [Паўлючок] напісаў падлог на .. Галіну. І цяпер сам усё як мае быць расказаў, пакаяўся. Чорны. Шаройка расказаў аб усім шчыра, успомніў і статак, прызнаў сваю віну і пакаяўся. Шамякін.
2. Усвядоміўшы сваю памылку, пашкадаваць аб зробленым. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць іш падарожнай машыне. Якімовіч.
3. Прызнацца ў сваіх грахах, паспавядацца ў царкве.
паквакта́ць, ‑квакчу, ‑квокчаш, ‑квокча і паквахта́ць, ‑квахчу, ‑квохчаш, ‑квохча; зак.
Квактаць (квахтаць) некаторы час.
паква́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Спакусіцца чым‑н., пагнацца на што‑н. Паквапіцца на чужое дабро. □ Конь быў ліхі, натурысты, але прадавалі танна, і Стручок паквапіўся на гэта. Мележ. [Мальвінка:] — Я ведаю, што я табе не люба, што ты не на мяне паквапіўся, а на маю гаспадарку. Сабаленка.
паква́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Разм. Тое, што і паквапіцца. Ніводзін злодзей не паквапіў бы на Тодарава каня. Крапіва. [Рыгор:] — Кашы падсыпаць трэба, На кашу рыба паквапіць... Кандрусевіч.
пакварта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які праводзіцца кожны квартал; разлічаны на квартал. Паквартальная справаздача. Паквартальны план.
паква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., што.
Сквасіць усё, многае.
паквіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Разлічыцца з доўгам. // перан. Адпомсціць каму‑н. за што‑н. — Нічога сабе зямляк, — нарэшце азваўся Драздоў. — Здраднік!.. — Я паквітаюся з ім, — рашуча сказаў Галаўнёў. — Нікуды ён не дзенецца... Дудо. — Калі газета выступіць, тады ўжо капут Даміру. Здымуць, абавязкова здымуць, — і, відаць, не змогучы стрымаць сваёй радасці, [Дземідзенка] дадаў: — .. Цяпер мы з ім паквітаемся... Асіпенка.
пакга́уз, ‑а, м.
Склад для захоўвання грузаў пры чыгуначных станцыях, партах і пад. За металічнай станцыйнай агароджай справа віднеліся ў зеляніне садоў белыя маланкі, а злева ўсё засланяў доўгі чыгуначны пакгауз. С. Александровіч.
[Ням. Packhaus.]