Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дако́р, ‑у, м.

Папрок, незадавальненне, выказаныя каму‑н. або ў дачыненні да каго‑н. — Аскольд, чаму ж вы шклянак не вынеслі? — кінула ласкавы дакор трактарысту дзяўчына. Пальчэўскі. Кіпіць работа цяжкая Ад рання і да ночы, Ніхто не йдзе з дакорамі — Такі ўжо люд рабочы. Купала.

дако́рлівасць, ‑і, ж.

Тое, што і дакор. Позіркамі, у якіх былі і надзея, і дакорлівасць, і амаль што абурэнне, .. [Валя] акінула фае — Паўла не было. Шахавец.

дако́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, што выражае дакор, дакорлівасць. Дакорлівы позірк. □ Хлопцу здавалася, што .. вочы настаўніцы зрабіліся вельмі ж суровымі і дакорлівымі. Кулакоўскі.

дако́рмлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад дакарміць.

дако́рмліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дакормліваць — дакарміць.

дако́рмлівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да дакормліваць.

дако́рмліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дакарміць.

дако́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дакорлівы. Словам дакорным маці Боль несціханы варушыць. Глебка.

дако́сіны, ‑сін; адз. няма.

Абл. Тое, што і дакоскі. Сіні час дарагі! Хвалі смольныя сосен. Дзе ж ты знойдзеш другі Час дажынак, дасевак, дакосін. Лужанін.

дако́скі, ‑сак; адз. няма.

Разм. Завяршэнне касьбы. Саўгасныя хлопцы Пайшлі на дакоскі Па росах пякучых, Па золкай атаве. Калачынскі.