Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазвяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Звягаць некаторы час.

пазвя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Звязаць, змацаваць усё, многае. Пазвязваць вяроўкі. □ Хлопцы пазвязвалі шнуркамі лыжы, пачысцілі і змазалі канькі і здалі іх на дзетдомаўскі склад — да наступнай зімы. Нядзведскі.

2. Перавязаць, звязаць чым‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Дыскусія магла б зацягнуцца надоўга, але я маргнуў салдатам, каб яны пазвязвалі рукі гітлераўцам. Сабаленка.

пазганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Сагнаць, прагнаць адкуль‑н. усіх, многіх. [Талаш:] — Пазганялі нас паны сваім войскам з нашай кроўнай зямлі. Колас.

2. Сагнаць з паверхні ўсё, многае. Завея пазганяла снег з дарог. □ Дзень назаўтра быў сонечны. Вецер нібы знарок пазганяў хмары з неба. Паслядовіч. // перан. Знішчыць. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені. Колас.

3. Сагнаць, прымусіць сысціся ў адно месца ўсіх, многіх. Гітлераўцы пазганялі людзей, каб паказаць ім адзін з сваіх прапагандысцкіх фільмаў пра «перамогі» над савецкімі войскамі. Васілёнак.

пазгіна́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Сагнуцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Людзі пазгіналіся. □ Няскошаная каля кустоў трава пачарнела, пазгіналася да зямлі. Пташнікаў.

пазгіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Сагнуць усіх, многіх або ўсё, многае. Пазгінаць галіны. / у перан. ужыв. Гора не пазгінала людзей.

пазгла́джвацца, ‑аецца; зак.

Згладзіцца, стаць роўным, гладкім — пра ўсё, многае. На прыгуменнях яшчэ нават не пазгладжвалася куп’ё. Скрыган.

пазгла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Згладзіць, зрабіць гладкім усё, многае. Пазгладжваць няроўнасці.

пазго́ртвацца, ‑аецца; зак.

Згарнуцца, скруціцца — пра ўсё, многае. Абвялі, пазгортваліся ў маленькія кацёлкі лісты. Капыловіч.

пазго́ртваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Згарнуць усё, многае. Пазгортваць хусткі.

2. Разм. Зрабіць скручваннем многа чаго‑н. Пазгортваць папяросы.

3. Зграбаючы, сабраць у адно месца ўсё, многае. Пазгортваць збожжа ў кучу.

пазграба́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пазграбаць.