Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Звесіць, нахіліць, апусціць усё, многае. Пазвешваць галовы. □ [Бярозы] пазвешвалі над дарогай рэдкія сіваватыя косы. Б. Стральцоў.

пазвіва́цца, ‑аецца; зак.

Звіцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Галіны дрэў пазвіваліся. Змеі пазвіваліся.

пазвіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Скручваючы, звіць усё, многае. Пазвіваць вяроўкі.

2. Зматаць усё, многае. Пазвіваць ніткі ў клубок. Пазвіваць пражу з матавіла.

3. Звіць, зляпіць (пра гнёзды). У каморы і цяпер стаялі вялізныя .. бочкі. Між імі павукі пазвівалі сабе гнёзды. Сачанка.

пазвіне́ць, ‑ніць; зак.

Звінець некаторы час.

пазвіса́ць, ‑ае; зак.

Апусціцца, звіснуць уніз — пра ўсё, многае. Рукі пазвісалі. □ Над усімі платамі пазвісала зелень дрэў. Ермаловіч.

пазво́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

Звесціся, перастаць існаваць — пра ўсіх, многіх. Пазводзіліся авечкі.

пазво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; каго-што.

1. Звесці ўніз усіх, многіх. Пазводзіць дзяцей з ганка на двор.

2. Адвесці на другое месца ўсіх, многіх. Пазводзіць коней убок.

3. Зрабіць нерухомым усё, многае. Сутарга пазводзіла ногі.

4. Звесці куды‑н., злучыць, аб’яднаць у што‑н. усіх, многіх. Пазводзіць піянерскія дружыны на плошчу. Пазводзіць палкі ў дывізію. □ Пазводзілі [калгаснікі] каро[ў] у большыя гумны, .. нават вазоў колькі канюшыны абагулілі. Чорны.

5. Знішчыць, перавесці ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пазводзіць лясы.

6. перан. Збіць з правільнага шляху ўсіх, многіх.

пазво́зіць, ‑звожу, ‑звозіш, ‑звозіць; зак., каго-што.

1. Звезці ў адно месца ўсё, многае. Пазвозіць сена ў гумны.

2. Забраўшы, адвезці куды‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Дробныя каменні.. [Гушка] пазвозіў усе [з поля], а вялікія пакінуў на зіму рваць іх порахам. Чорны.

3. Везучы, перамясціць зверху ўніз усё, многае або ўсіх, многіх. Пазвозіць дзяцей на санках.

4. Едучы, узяць з сабою ўсё, многае або ўсіх, многіх. Пазвозіць чужыя кнігі.

пазво́ньванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пазвоньваць.

пазво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Час ад часу звінець, злёгку звінець. Марскія хвалі гойдаюць бакены, на якіх пазвоньваюць невялікія званы. Лынькоў. Лёгкі марозік зашкліў лужы, і пад нагамі пазвоньвалі ільдзінкі. «ЛіМ».