Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазасу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі [у бандытаў], пасудзілі за гэта. Ды на мала пазасуджвалі. Лужанін.

пазасудо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які адбываецца не ў судзе, прымаецца не судом. Пазасудовае вырашэнне спрэчкі.

пазасупо́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Засупоніць усіх, многіх. Пазасупоньваць коней.

пазасу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Засушыць усё, многае або ўсіх, многіх. Пазасушваць лісты клёну. Пазасушваць матылёў.

пазасціла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Заслаць, пакрыць чым‑н. усё, многае. Пазасцілаць ложкі. □ Панакрывалі мы ўсё, нават фасолю і тую газетамі пазасцілалі. Дубоўка.

2. Пакрыць сабою ўсё, многае. Дым пазасцілаў наваколле.

пазасыла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Адправіць каму‑н. усё, многае.

2. Адаслаць, заслаць куды‑н. усіх, многіх.

пазасына́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Заснуць — пра ўсіх, многіх. Змораныя за дзень дзеці хутка пазасыналі, але спалі неспакойна, час ад часу ўскрыквалі. Гурскі. Сенцы былі расчынены насцеж, хлопцы пазасыналі дзе хто. Лобан.

пазасыпа́цца, ‑аецца; зак.

1. Засыпацца куды‑н. — пра ўсё, многае. Пясок пазасыпаўся ў чаравікі.

2. Пакрыцца або напоўніцца чым‑н. сыпкім — пра ўсё, многае. [Раман:] — Ямы ад бульбы былі, помніце, тады ў сасн[я]ку, з прыходу. Цяпер, калі дарога на ўчастак пайшла, пазасыпаліся. Пташнікаў.

пазасыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Засыпаць, закідаць чым‑н. усё, многае. Нямецкія машыны перацерлі на грэблі сухі ў грудах торф на муку, і вецер пазасыпаў ямы і трэшчыны пад нагамі. Пташнікаў.

пазасыха́ць, ‑ае; зак.

1. Засохнуць, высахнуць — пра ўсё, многае. Кроў пазасыхала на галаве і твары. Бажко.

2. Завяўшы, загінуць — пра ўсё, многае. Дрэвы пазасыхалі.