пазакрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Закрыць, накрыць чым‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. Пазакрываць дзяцей коўдрамі.
2. Скласці што‑н. разгорнутае — пра ўсё, многае. Пазакрываць парасоны.
3. Закрыць, спыніць доступ куды‑н. ва ўсіх, многіх напрамках. Пазакрываць усе дарогі ў горад.
4. Спыніць дзейнасць, існаванне ўсіх, многіх устаноў, прадпрыемстваў і пад. Пазакрываць магазіны.
пазакрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Закрэсліць усё, многае. Пазакрэсліваць цытаты.
пазакупо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Закупорыць усё, многае. Пазакупорваць бутэлькі.
пазаку́рвацца, ‑аецца; зак.
Закурыцца, пакрыцца сажай — пра ўсё, многае. Самі сцены знадворку і ў сярэдзіне пачарнелі, пазакурваліся, былі паточаны шашалем. Колас.
пазаку́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Закурыць, пакрыць сажай усё, многае.
пазала́зіць, ‑лазіць; ‑лазім, ‑лазіце, ‑лазяць; зак.
1. Залезці, забрацца на што‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазалазіла гаспадарова сям’я спаць на палаткі. Якімовіч. Спрытныя хлапчукі пазалазілі на бэлькі пад страхой. «Маладосць».
2. Забрацца, пранікнуць куды‑н. употай — пра ўсіх, многіх. Пазалазіць у чужыя агароды.
пазала́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Залатаць, палатаць усё, многае. У нейкім месцы прадзіравілася страха. Кулі трэба, каб пазалатваць дзіркі. Гроднеў.
пазалаце́ць, ‑лацее; зак.
Набыць залацістае адценне, колер. Колас даспеў, пазалацеў.
пазалаці́цца, ‑лоціцца; зак.
1. Пакрыцца пазалотай, афарбавацца ў залацісты колер.
2. Набыць ад святла залацістае адценне, колер. Пазалаціліся стрэхі хат.
пазалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., што.
1. Пакрыць пазалотай; афарбаваць у залацісты колер. Пазалаціць фарфоравыя вырабы.
2. Асвятліўшы што‑н., надаць яму залацісты колер. На золаку жнівеньскае сонца пазалаціла шыбы промнямі наступнага гарачага дня. Сабаленка. Водбліскі [агню] ўпалі на дрэвы, пазалацілі сосны і пасерабрылі дубы. Шамякін.