пазале́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Заляпіць, заклеіць чым‑н. усё, многае. Пазалепліваць дзіркі. // Наклейваючы што‑н., укрыць усю паверхню. Пазалепліваць сцены афішамі.
2. Заляпіць, пакрыць сабою ўсё, многае або ўсіх, многіх. Снег пазалепліваў прахожых.
пазале́тась, прысл.
Два гады назад. Жыта і цяпер як сцяна, такога не было ні летась, ні пазалетась. Навуменка. [Сыч] памятаў, колькі атрымана малака летась, пазалетась, нават у першы пасляваенны год. Паслядовіч.
пазале́ташні, ‑яя, ‑яе.
Які быў пазалетась. Пазалеташняя вясна. // Які мае два гады, захоўваецца два гады. Пазалеташняе цяля. Пазалеташнія запасы.
пазале́чвацца, ‑аюцца; зак.
Разм. Залячыцца, загаіцца — пра ўсё, многае. Раны пазалечваліся.
пазале́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Залячыць, загаіць усё, многае.
пазаліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Заліць, затапіць усё, многае. [Гораў:] — Што, шалее ў навальніцу Дняпро? [Іван:] — Рака з характарам.. Усе старыкі на пойме вадой пазалівае, унь той клін адрэжа. Караткевіч.
2. Абліць, запэцкаць якой‑н. вадкасцю ўсё, многае. Пазаліваць абрусы віном.
3. Затушыць вадой усё, многае. [Крывіцкі:] — Я трошкі заліў вадою збольшага, цяпер трэба пазаліваць гэтыя асмалкі. Лобан.
4. Пакрыць чым‑н. вадкім, здольным зацвярдзець — пра ўсё, многае. Пазаліваць дарогі гудронам.
пазалі́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Залізаць усё, многае. Пазалізваць раны. Пазалізваць валасы.
пазаліпа́ць, ‑ае; зак.
1. Заліпнуць, пакрыцца чым‑н. ліпкім — пра ўсё, многае.
2. Разм. Шчыльна прыстаць — пра ўсё, многае. Дзверы пазаліпалі.
па́залкі, ‑лак; адз. няма.
Разм. Мыльная вада, што засталася пасля мыцця бялізны. У пазалках памыў анучы.
пазало́та, ‑ы, ДМ ‑лоце, ж.
1. Слой золата або залацістай фарбы, якой пакрываюць паверхню чаго‑н. На плітах і на помніках надпісы. Некаторыя зараслі мохам, а некаторыя яшчэ блішчаць пазалотай. Галавач. // перан. Жоўтая, залацістая афарбоўка дрэў, кустоў увосень. Міма вокнаў вагона мільгаюць пералескі, злёгку кранутыя пазалотай восені. Шахавец.
2. Залацісты водсвет ад сонца, агню і г. д. Зайшло сонца, паклала пазалоту на неба, развесіла ружовыя ніткі ў паветры. Кудравец. Апошнія прамяні аблілі пазалотай верхавіны таполяў. Паслядовіч.