Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

азербайджа́нка,

гл. азербайджанцы.

азербайджа́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да Азербайджана, азербайджанцаў. Азербайджанская мова.

азербайджа́нцы, ‑аў; адз. азербайджанец, ‑нца, м.; азербайджанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. азербайджанкі, ‑нак; ж.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Азербайджанскай ССР.

азёрны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да возера. Азёрная затока. Азёрны басейн. Азёрная вада. □ Праз азёрны прасцяг Прывандруюць крылатыя [гусі-лебедзі] Па шляхах, па агнях, Над ляснымі Дрысвятамі. Лужанін. // Які жыве ў возеры. Калі Лемяшэвіч падчапіў першага невялічкага шчупачка, белага, прыгожага, не падобнага да сваіх чорных азёрных братоў, Аляксей бег паглядзець на яго метраў за дзвесце. Шамякін. // Які прызначаны для плавання па возеры. Азёрны флот. Азёрнае судна. Азёрная лайба. // Багаты на азёры. Нарачанскі азёрны край. Браслаўшчына і Полаччына — азёрны куток Беларусі. □ У азёрным краі, дзе багністыя мелі І пясчаныя берагі, жыла сям’я кулікоў. П. Ткачоў.

азёры,

гл. возера.

азі́міна, ‑ы, ж.

Пасевы, усходы азімых збожжавых культур. Негарачае асенняе сонца лашчыць пажоўклыя бярозавыя гаі, шырокія вагоны зялёнай азіміны. Навуменка. Варанецкі схадзіў на поле азіміны, паглядзеў, ці добра яна ўрунела. Дуброўскі. Лёгкі подых ветру даносіць з поля ледзь чутны водар спелай азіміны і салодкі пах грэчкі. Асіпенка.

азі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

Азімая пшаніца ў адрозненне ад яравой (яркі). — Зайдзіце ў любую хату калгасніка.. і вы на стале ўбачыце калі не пірог, то бліны або аладкі з пытляванай пшанічнай мукі, хоць летась наша азімка не ўрадзіла. Вішнеўскі.

а́зімут, ‑а, М ‑муце, м.

Спец.

1. Вугал паміж плоскасцю мерыдыяна і плоскасцю, якая праходзіць праз пункт назірання і нябеснае цела або іншы прадмет.

2. Вугал, які ўтвараецца ўзятым напрамкам руху і напрамкам на поўнач.

азімута́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да вызначэння азімута. Азімутальны круг компаса.

а́зімутны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае дачыненне да азімута. Азімутны вугал.