непрысто́йны, ‑ая, ‑ае.
Які не адпавядае правілам прыстойнасці. Непрыстойны анекдот. □ [Славік:] — Клянуся. Я адкушу сабе язык, калі з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова. Шамякін.
непрысту́пнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць непрыступнага. Старшыня-генерал рабіў уражанне поўнай непрыступнасці. Крэпасць нейкая — дый годзе. Пестрак.
непрысту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога цяжка або немагчыма наблізіцца; цяжкі для падыходу, узыходжання. Паграбішча было вялізным возерам з багністымі непрыступнымі берагамі. Асіпенка. Імкліва, нястрымна неслася вада ракі то роўнай лагчынай, то паміж непрыступных скал. Галавач. // Такі, якім цяжка авалодаць; які добра абараняецца, добра ўмацаваны. Непрыступная крэпасць. Непрыступны рубеж.
2. перан. Такі, да якога цяжка падступіцца: ганарысты. Галіна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Шамякін. А перад вачамі ўсё так і стаяў высокі, з белымі калматымі бровамі стары, .. горды і непрыступны ў размове. Ракітны. // Уласцівы такому чалавеку. І вось.. [Алесь] сядзіць на заднім сядзенні адкрытай вайсковай машыны. Абапал — два штыхі, два непрыступныя твары пад коскамі. Брыль.
непрытво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які пазбаўлены прытворства; шчыры. [Андрэй Міхайлавіч] з радаснай і непрытворнай усмешкай паглядзеў проста ў вочы высокаму [чалавеку], які стаяў побач з Коркія. Самуйлёнак.
непрыто́ены, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не хочуць або не могуць затаіць. Альбіна з непрытоенай зайздрасцю глядзела на Галю. Сабаленка. Словы .. вырваліся самі сабой, у іх было шчырае, непрытоенае шкадаванне. Мележ.
непрыто́мнасць, ‑і, ж.
1. Страта прытомнасці, выкліканая хваравітым станам або душэўным узрушэннем. У непрытомнасці.. [Антаніна Мікалаеўна] асунулася на зямлю. Шчарбатаў. Паддубны быў у непрытомнасці. М. Ткачоў.
2. Крайняя ступень душэўнага ўзрушэння, пры якой траціцца здольнасць валодаць сабой. Хацелася [Тані] крыкнуць: «Хопіць!» Ды побач маці і Хімка, захлёбваючыся да непрытомнасці, мармыталі свае малітвы. Гроднеў. Іліко і Вано стаялі ў кутку, напалоханыя да непрытомнасці. Самуйлёнак.
непрыто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў непрытомнасці. Бацька цяслярыў у пана, і там яго прыбіла каля зруба дзеравякай. Так і памёр — непрытомны. Брыль.
2. (звычайна ў параўнанні). Які знаходзіцца ў стане душэўнага ўзрушэння; узбуджаны. Мікола ўсхапіўся з пасцелі, як непрытомны. Ён нічога не помніў. Колас. Настуля, нібы непрытомная, абхапіла Язэпа за шыю і пачала цалаваць. Чарот. // Які знаходзіцца ў стане атупення, абыякавасці. [Саша] ішла, як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Раіса глядзела на.. [Ірыну Аркадзеўну] непрытомным позіркам і ківала галавой. Шамякін. Непрытомнымі вачыма ўтаропіўся [Пракоп] у сілуэты. Якімовіч.
непрыту́льна,
Разм.
1. Прысл. да непрытульны.
2. безас. у знач. вык. Без утульнасці, камфорту. Нудна і непрытульна было ў лесе без вогнішча. Вільгаць пранізвала косці. Бядуля.
непрыту́льнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць і стан непрытульнага.
непрыту́льны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і няўтульны. Хлопцы, чалавек пятнаццаць, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. Караткевіч.