падстрэ́ліць, ‑стрэлю, ‑стрэліш, ‑стрэліць; зак., каго.
Раніць або забіць стрэлам. Падстрэліць воўка. □ Пані Мар’я чытае пра восень і дождж... Нехта падстрэліў недзе жорава, і, абяссілены, ён асядаў на лузе. Брыль.
падстрэ́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падстрэліць.
падстрэ́шак, ‑шка, м.
Ніжні край страхі, які навісае над сцяною якога‑н. будынка. Касу мы ўзялі ў дзядзькавага напарніка, дасталі з падстрэшка дашчатай, нізенькай пунькі, крытай толем і рудой гарбатай бляхай. М. Стральцоў.
падстрэ́шнік, ‑а, м.
Тое, што і падстрэшша. То раптам лезла [зіма] за падстрэшнік Або узбіралася на дах, А потым гушкалася смешна На электрычных правадах. Дукса.
падстрэ́шны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, размешчаны пад страхою. Ластаўчына гняздо было ў самым гумне, на падстрэшнай перакладзіне. Якімовіч.
падстрэ́шша, ‑а, н.
1. Прастора пад ніжнім краем страхі якога‑н. будынка. Вераб’і ўжо збіраліся ў падстрэшшы на начлег і там заводзілі свае звычайныя сваркі з-за ўтульных мясцін. Якімовіч. Дробны дождж суха барабаніў у закураныя шыбы, недзе ў падстрэшшы тонка завываў вецер, зрываючы .. салому. Ваданосаў.
2. Тое, што і падстрэшак. Увечары мужчыны даставалі з падстрэшша косы. Асіпенка.
падступа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да падступіцца.
падступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падступіць.
падступі́цца, ‑ступлю́ся, ‑сту́пішся, ‑сту́піцца; зак.
1. Падысці вельмі блізка, наблізіцца. — Берагі топкія, ніхто падступіцца з вудамі і сеткамі не можа. Савіцкі. Цяпер балота замерзла і падступіцца да [разбітага] самалёта лёгка. Жычка.
2. Звярнуцца з просьбай, прапановай і пад. Не падступіцца да начальства з просьбай. □ Дзяўчатам хацелася загаварыць з лётчыцамі, але дзе ты да іх падступішся. Няхай.
падступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. Падысці, наблізіцца. Грушка падступіў бліжэй да Веры Ігнатаўны, доўга глядзеў ёй у вочы. Пестрак. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька.. ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.
2. Апынуцца ў непасрэднай блізкасці, падысці да чаго‑н. (пра лес, мора і пад.). Агні прыстанцыйных будынкаў падступілі да самай чыгункі. Савіцкі. Наша маленькая рачулачка, якую і завуць Раўчуком, разлілася аж да лесу, падступіла пад самыя агароды. Жычка.
3. перан. Нечакана з’явіцца, раптам ахапіць (пра адчуванні, пачуцці). Салёны клубок падступіў да горла, прыпыніў дыханне, вочы заслаліся туманам. Васілевіч. І ўсё ж раптам туга падступіла. Стала сэрцу балюча і горка. Танк.
•••
Ком падступіў да горла гл. ком.
Слёзы падступілі да горла гл. сляза.