Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падстаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падставіць.

падстаўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які падстаўляюць пад што‑н. або прыстаўляюць да чаго‑н. Падстаўны столік.

2. Падабраны для якой‑н. мэты замест сапраўднага. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што, пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Броўка.

3. Уст. Прызначаны для замены (пра коней). [Кастусь з Алесем] ехалі адны, далёка паперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту. Караткевіч.

падсто́лле ​1, ‑я, н.

Спец. Частка стала (ножкі і рама), на якую насцілаецца стальніца.

падсто́лле ​2, ‑я, н.

Прастора, што знаходзіцца пад столлю. На міг малінавым святлом Ён [прамень] на падстоллі заіскрыць, То ўспыхне светлым матылём, То здасца — крылле зашуміць. Броўка.

падстра́ўнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад страўнікам. Падстраўнікавая залоза. // Які выдзяляецца падстраўнікавай залозай. Падстраўнікавы сок.

падстрахава́ць, ‑страхую, ‑страхуеш, ‑страхуе; зак., каго-што.

Засцерагчы ад чаго‑н. (непрыемнага, непажаданага). — Грыша! Правядзём разведку. Скарыстаем абедзенны час. Калі жанчыны пойдуць з поля дадому, пашлём туды нашых дзяўчат, як быццам мяняць вопратку на харчы. Цяпер такіх тысячы, ходзяць па сёлах... Толькі трэба іх падстрахаваць. Каго пашлём? Няхай. Нічога не зробіш: абрываем дрот рукамі. Толькі б паспець у час падстрахаваць групу Сіманава. Дзенісевіч.

падстрахо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падстрахаваць.

падстрахо́ўка, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падстрахоўваць — падстрахаваць.

падстрачы́ць, ‑страчу, ‑строчыш, ‑строчыць; зак., што.

Падшыць на машыне знізу, па краі.

падстра́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падстрашыць.

падстра́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Разм. Напалохаць крыху, прыстрашыць.