Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падрэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падрэзаць.

падрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.

1. Зрэзваючы, крыху пакараціць, зрабіць раўнейшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу [сукенкі]. Корбан.

2. Разрэзаць знізу, з бакоў, не да канца. Выбралі [людзі] тоўстую разгалістую ліпу. Падрэзалі з аднаго боку, перайшлі на другі. Паўлаў.

3. перан. Разм. Пазбавіць сіл, здароўя і пад. Хвароба адрэзала яго.

4. перан. Разм. Сказаць трапнае з’едлівае слова, паставіць каго‑н. у смешнае становішча. Падрэзаць дакладчыка.

5. і чаго. Разм. Нарэзаць дадаткова, яшчэ трохі. Падрэзаць хлеба. Падрэзаць каўбасы.

6. Спец. Зрабіць падрэзку (у 2 знач.).

•••

Падрэзаць крылле (крылы) каму — тое, што і абрэзаць крылле (крылы) каму (гл. абрэзаць).

падрэ́званне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. падрэзваць — падрэзаць (у 1, 2 і 5 знач.).

падрэ́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падрэзваць.

падрэ́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падрэзаць.

падрэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падрэзаць (у 1, 2 і 5 знач.).

2. Спец. Апрацоўка на такарным станку тарцовых (папярочных) паверхняў вырабаў з металу.

падрэйфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак.

Дрэйфаваць некаторы час. Давялося маракам падрэйфаваць.

падрэ́мваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Час ад часу або злёгку драмаць. Ноччу ж участак пуставаў, толькі вартаўнік падрэмваў тут, прысеўшы дзе-небудзь на цэгле. Кулакоўскі. І вось.. [Грыбавец] падрэмвае ўжо, сагрэты агнём і закалыханы расказам касца. Пестрак.

падрэтушава́ць, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; зак., што.

Падправіць рэтушшу дадаткова, яшчэ крыху. Падрэтушаваць фотаздымак.

падсабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падсобіць.