падне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. паднёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. паднясі; зак., каго-што.
1. Узяўшы ў руку (у рукі), наблізіць да каго‑, чаго‑н. Шабанаў адчапіў ад пояса бінокль, паднёс яго да вачэй. Шыцік. Дрыготкімі пальцамі запаліла [Анісся] запалку, паднесла яе да груды кулявой саломы. Лынькоў. // Прынесці, даставіць куды‑н. Паднесці мяшкі з бульбай да воза. □ [Маці] ляжала на палку і ўвачавідкі сінела. Прасіла паднесці Нюрку, цалавала яе ў шчочкі і плакала. Жычка. // безас. Прыблізіць да чаго‑н. сілай руху і пад. Цячэннем паднесла лодку да берага.
2. Дапамагчы несці; несці некаторы час. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Няхай.
3. Пачаставаць (звычайна віном). Паднесці чарку на вяселлі. □ Аўтару паднеслі вялікі збан пітнога мёду. Мальдзіс.
4. Даць што‑н. у падарунак, падарыць. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч. Пасля першай пастаноўкі прысутныя ў зале наладзілі.. [Янку Купалу] бурную авацыю, паднеслі залаты гадзіннік, дзякавалі яму ад усёй беларускай грамадскасці і засыпалі яго кветкамі. «Полымя».
•••
Паднесці дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).
Паднесці пілюлю — зрабіць што‑н. непрыемнае.
Чорт паднёс гл. чорт.
падні́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паднізаць.
падніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., што і чаго.
Нанізаць дадаткова, яшчэ крыху. Паднізаць пацерак. Паднізаць грыбоў на шнурок.
падні́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да паднізваць.
падні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да паднізаць.
падніма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да падняцца.
2. Зал. да паднімаць.
падніма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падняць.
падно́жжа, ‑а, н.
1. Ніжняя частка або месца ля самага нізу таго, што высока ўзнімаецца ўверх. Падножжа дуба. □ Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Шамякін.
2. Тое, што і п’едэстал. Падножжа.. [манумента] абкружана багатым кветнікам. Хадкевіч. Хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні ўскладаюць да падножжа абеліска вянкі і букеты кветак. В. Вольскі.
падно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.
1. Прыступка для ўваходу ў вагон, аўтамашыну і пад. Стоячы на падножцы вагона, брыгадзір пазірае ўздоўж саставу. Васілёнак. Маладыя, загарэлыя шафёры закурылі цыгаркі.. Узабраўшыся на падножку, зазірнулі ў кузаў, потым схаваліся ў кабінах. Асіпенка.
2. Удар нагой па назе або падстаноўка нагі пад нагу таго, хто ідзе ці бяжыць, каб паваліць яго. [Дзімка:] — Давай падужаемся.. — Ну што ж, давай, — кажа Вася і падступае бліжэй. — Накрыжкі? — Накрыжкі. Толькі без падножкі. Рунец.
падно́жны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад нагамі. Зноў выбіваліся [мужчыны] на сцежку, зноў браліся воўчымі логавамі, прыгінаючыся і правальваючыся ў падножнай трухліне. Чорны.
•••
Падножны корм гл. корм.