падны́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да паднырнуць.
паднырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Нырнуць пад што‑н. Паднырнуць пад лодку.
паднябе́нне, ‑я, н.
Верхняя частка поласці рота. Праўда, язык доўга не паварочваўся, не мог вымавіць некалькі такіх простых, здавалася б, слоў, нібы прысох да паднябення. Шыловіч.
паднябе́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паднябення. Паднябенная косць.
2. У мовазнаўстве — такі, пры вымаўленні якога язык датыкаецца да паднябення (пра гукі мовы). Паднябенныя зычныя.
паднябе́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які распасціраецца да самага неба. У думках і ў душы [Сцяпана] Мая займала першае месца. Найлепшы замак на паднябесным краявідзе начных гор ён аддаў ёй. Дуброўскі.
2. Які знаходзіцца або адбываецца ў паднябессі. Паднябесны палёт.
паднябе́ссе, ‑я, н.
Нябесная высь. Угары ў паднябессі, асветленыя месяцам, непрыкметна праплывалі кавалкі хмар. Галавач. Водарам антонавак прапах Дол сівы ажно да паднябесся. І. Калеснік.
падняво́ліць, ‑волю, ‑воліш, ‑воліць; зак., каго-што.
Зрабіць паднявольным. Наша зямля ўкрыта курганамі і магіламі тых, хто калі-небудзь імкнуўся заўладаць ёю і падняволіць сабе наш народ. Купала.
падняво́лле, ‑я, н.
Няволя. А на зямлі быў час суровы — У падняволлі жыў народ. Машара. Мікалай Міхайлавіч быў ураджэнцам Заходняй Беларусі, першыя гады яго маленства прайшлі пры панскім падняволлі. Хадкевіч.
падняво́льнасць, ‑і, ж.
Стан паднявольнага. У купалаўскага героя радаснае адчуванне працы амаль заўсёды атручана ўсведамленнем паднявольнасці яе. Івашын.
падняво́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Залежны, падначалены; прыгнечаны. [Маці] вяла.. [Яна] за руку ў царкву і там вучыла кланяцца багам, вучыла быць паднявольным. Пестрак. Там продкі паднявольнай талакой На берагах адбудавалі горад. Хведаровіч.
2. Які адбываецца не па сваёй волі, прымусовы. Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна. Лужанін. Бярэзінская водная сістэма была створана паднявольнай працай беларускіх прыгонных сялян у 1798–1805 гадах. В. Вольскі.