Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паднаго́тная, ‑ай, ж.

Разм. Праўда, ісціна, падрабязнасці чаго‑н., якія старанна ўтойваюцца. Ведаць усю паднаготную. □ Некаторыя празаічныя творы Коласа («Выбар старшыні», «Андрэй-выбаршчык») крытыкуюць камедыю выбараў органаў царскай улады, раскрываюць усю паднаготную гэтых выбараў. «Полымя».

паднайма́льнік, ‑а, м.

Асоба, якая заключыла дагавор паднаймання. // Кватарант, які наймае жылую плошчу ў асноўных наймальнікаў.

паднайма́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да паднаймальнік.

паднайма́нне, ‑я, н.

Найманне (памяшкання або іншай маёмасці) у асноўнага наймальніка; тое, што і субарэнда. // Найманне жылой плошчы ў асноўнага наймальніка.

паднале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. падналёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. падналяж; зак.

Разм.

1. Налегчы, націснуць на што‑н. з большай сілай. Падналегчы на рычаг. □ Дзве каманды ваенных, ухапіўшыся за розныя канцы каната, стараліся перацягнуць адна адну.. Вось адна каманда падналегла і павольна пачала цягнуць другую да белай рысы. Хомчанка. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі.

2. перан. Шчыра ўзяцца за якую‑н. работу. Падналегчы на вучобу. □ Вострачы мянташкай касу,.. Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

паднара́д, ‑а, М ‑радзе, м.

Спец. Падкладка ў абутку ад пад’ёму да наска. Падшыць паднарад пад перады. □ Белы паднарад халяў і шырокія кішэні галіфэ.. рабілі.. [Пашку] нязграбным, чымсьці падобным на маладога пеўніка... Паўлаў.

паднасі́цца, ‑носіцца; зак.

Разм. Крыху знасіцца. Цяпер.. [Марыя] была ў вайсковай форме, у той самай, якую некалі пакінула ў лесе разам з медыкаментамі. Паднасілася ўжо гэтая форма, даўно разышліся тыя медыкаменты. Кулакоўскі.

паднасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., што.

Разм. Крыху знасіць. Паднасіць чаравікі. Падпасіць паліто.

паднату́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да паднатужыцца.

паднату́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паднатужыць.