Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лаўраві́шня, ‑і; Р мн. ‑шань; ж.

Паўднёвае вечназялёнае дрэва ці куст сямейства ружакветных з пахучым лісцем і пладамі, якія нагадваюць вішні. Ліне добра было відаць адсюль мора. Цяпер яго засцілі акуратна абстрыжаныя, падобныя на стажкі сена, кусты лаўравішні. Хомчанка.

лаўро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лаўру, уласцівы яму. Лаўровы куст. Лаўровы пах. // Які здабываецца з лаўру. Лаўровы алей.

2. у знач. наз. лаўро́выя, ‑ых. Сямейства паўднёвых вечназялёных раслін, да якога адносяцца лаўр, камфорнае дрэва і інш.

•••

Лаўровы ліст гл. ліст ​1.

Лаўровы вянок гл. вянок.

лаўрэа́т, ‑а, М ‑рэаце, м.

Званне, якое прысуджваецца за выдатныя заслугі ў галіне навукі, мастацтва і пад. // Асоба, удастоеная такога звання. Лаўрэат Міжнароднай прэміі міру.

[Ад лац. laureatus — увенчаны лаўрамі.]

лаўрэа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да лаўрэат.

лаўрэа́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаўрэата. Лаўрэацкае званне.

лаўса́н, ‑у, м.

1. Сінтэтычнае валакно, якое выкарыстоўваецца ў тэкстыльнай прамысловасці.

2. Тканіна з такога валакна або з дабаўленнем такога валакна.

[Ад назвы лабараторыі АН СССР.]

лаўса́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаўсану. // Выраблены з лаўсану, з лаўсанам. Лаўсанавыя тканіны.

лаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Знаходзіць зручны момант, каб спрытным рухам зрабіць што‑н. Нічыпар стаяў напагатове. Ён перагнуўся цераз балясіну, лаўчыўся падсунуць сачок пад рыбіну. Асіпенка. // перан. Дасягаць якой‑н. мэты пры дапамозе розных хітрыкаў; ухітрацца. Прыходзілася выкручвацца, лаўчыцца, каб расказаць усё і ў той жа час сёе-тое і змаўчаць. Колас.

лафа́, ‑ы, ж.

Разм.

1. Выгода. [Харытон Ігнатавіч:] — Ты пераязджаеш жыць да мяне! Неадкладна, не трацячы часу.. І не думай, Сенечка, і не гадай, а .. давай згоду. Такая лафа можа надарыцца раз у жыцці. Васілёнак.

2. у знач. вык., каму. Добра шанцуе. Дзе ёсць разявы, Шаптунам лафа там, рай! Валасевіч.

[Ад араб. ūlūfa — салдацкае жалаванне.]

лафе́т, ‑а, М ‑феце, м.

Станок, на якім замацоўваецца ствол артылерыйскай гарматы. Салдат хутка авалодаў сабой, адчапіў лафет з перадка гарматы і даволі цвёрда загадаў таварышам: — Стаўце шчыткі! Карпюк.

[Ням. Lafette з фр.]