Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непараўна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што цяжка параўнаць з кім‑, чым‑н. іншым; надзвычайны. Непараўнальная прыгажосць. □ Вядома, Колас непараўнальны майстар, пісьменнік з вялікім вопытам і выдатнай літаратурнай школай. Перкін. Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў, Гаршын, Горкі, Купрын — яны прыйшлі другою хваляй, пасля Пушкіна, Лермантава, Гогаля, яны назаўсёды здаліся.. [Алесю] непараўнальнымі, яны павялі яго ў родны хвалюючы свет!.. Брыль.

2. Які так адрозніваецца ад чаго‑н., што нельга параўноўваць. Непараўнальныя велічыні.

непарты́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не з’яўляецца членам якой‑н. партыі; беспартыйны.

2. Які не адпавядае праграме, прынцыпам, мэтам якой‑н. палітычнай партыі. Непартыйныя паводзіны.

непару́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непарушнага. Непарушнасць граніц. □ Раніцай пасля доўгай ночы.. [пейзаж] радаваў спакоем, непарушнасцю. Шыцік.

непару́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга парушыць; моцны. Непарушнай дружбай моцна мы з’яднаны. Журба. Тое, што здавалася раней непарушным, усталяваным назаўсёды, цяпер паліў, руйнаваў, захопліваў вораг. Мележ. // Які нічым не парушаецца. Спіце, нашы таварышы, Ваш спакой непарушны! Мы стаім каля вас — І браты і сыны. Броўка.

2. Які захоўваецца ў цэласці, не падлягае расходаванню. Непарушны запас харчоў.

непары́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан непарыўнага. Непарыўнасць гістарычных сувязей.

непары́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога нельга раздзяліць на часткі; суцэльны. Непарыўныя часткі якой-небудзь сістэмы. □ Насустрач цягніку ля дарогі мільгаюць непарыўнымі пасачкамі краскі: жоўтыя, сінія, белыя. Галавач.

2. Такі, якога нельга раз’яднаць; непарушны. Барацьба за мір, дэмакратыю, нацыянальную незалежнасць, сацыялізм — гэта непарыўныя звенні адзінага працэсу. «Звязда». [Хлопцы] доўга, яшчэ за поўнач, гаварылі на сене аб іхняй непарыўнай дружбе, шкадавалі адзін аднаго. Каваль.

непасе́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Непаседлівы чалавек. Цяпер у гэтым сталым, шыракаплечым чалавеку.. ніхто не пазнаў бы ранейшага віхрастага хлапчука, непаседу і гарэзніка. Шахавец. Непаседы-сініцы чародкамі пераляталі ад аднаго куста да другога. Даніленка.

непасе́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непаседлівага; непаседлівыя паводзіны. Як і ўсе дзеці, .. [Алік] свавольнічае, дакучае непаседлівасцю. Гарбук.

непасе́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які не можа доўга ўседзець або пабыць на адным месцы. Паўлік каржакаваты, затое вельмі рухавы і непаседлівы. Гроднеў. // Уласцівы такому чалавеку. Непаседлівай, неўгамоннай натуры. Лены ніяк не пасавала сядзець злажыўшы рукі. Лынькоў.

непасі́льны, ‑ая, ‑ае.

Які перавышае сілы, магчымасці; празмерна цяжкі. Непасільны цяжар. Непасільная праца. □ Пасля непасільнага для раненага напружання і душэўнага хвалявання камісару стала блага. Шамякін.