Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уда́чнік, ‑а, м.

Разм. Удачлівы чалавек.

уда́чніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да удачнік.

уда́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае неабходным патрабаванням; добры, удалы. Удачны партрэт. □ Кожнай гаспадыні хочацца, каб хлеб, асабліва калі ён са свежага каласка, быў вельмі ўдачны. Арочка.

2. Які паспяхова завяршаецца, які суправаджаецца ўдачай. Удачная паездка. □ Пад кіраўніцтвам [Канстанцінава] патрыёты правялі шмат удачных засад, і слава пра канстанцінаўцаў пракацілася па раёну. Дзенісевіч.

удвае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. удвойваць — удвоіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. удвойвацца — удвоіцца.

удваі́х, прысл.

Колькасцю ў дзве асобы рознага полу або істоты ніякага роду. Жнуць удваіх, маці з сынам. Мележ. Са мной ідзе мая дачка З партфелем, поўным кніг. Ёй — да званка, мне да гудка, Спяшаемся ўдваіх. А. Александровіч.

удвайне́, прысл.

У двайным памеры; удвая. Так вось ходзім і гутарым мы з Марыяй Макарэвіч, і мне прыемна ўдвайне: і што слаўная яна такая жанчына і што слава ніколечкі яе не сапсавала. Васілевіч. [Саўка:] — З добраю жонкаю гора — паўгора, а радасць удвайне. Гурскі.

удвая́, прысл.

У два разы, удвайне (пры параўнанні). Падлікі здзівілі .. [Канькова і Веру]. Даход ад малака ўдвая перавышаў даходы ад зерня. Асіпенка. [Зыбін:] — Што ж, дарагім гасцям пашана, а земляку — удвая!.. Мележ. // Папалам. Не чакаючы майго запытання,.. [Вейс] дастае з патайной кішэні ўдвая складзены ліст паперы і схіляецца, падаючы яго мне. Ракітны.

удво́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад удвоіць.

2. у знач. прым. У два разы большы. Удвоеная порцыя.

удво́іцца, удвоіцца; зак.

Павялічыцца ўдвая, падвоіцца.

удво́іць, удвою, удвоіш, удвоіць; зак., што.

Павялічыць удвая, падвоіць. Удвоіць ураджай.