Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ігнарава́нне, ‑я, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ігнараваць.

ігнарава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да ігнараваць.

ігнарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Знарок не заўважыць (не заўважаць); пагардліва паставіцца (ставіцца) да каго‑, чаго‑н. Адчуваючы хісткасць свайго становішча ў інстытуце, .. [Юрка] даў сабе поўную волю ў сям’і — пачаў ігнараваць айчыма, маці. Карпаў. // Не прымаць пад увагу чаго‑н., не рэагаваць, не адказваць на што‑н. — Мы не можам ігнараваць скаргі. Будзем разглядаць заявы і пільна правяраць. Грамовіч.

іго́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да іголка.

•••

З іголачкі — а) пра зусім новую, толькі што пашытую вопратку. Гарнітурчык з іголачкі, аж блішчыць. Арабей; б) ва ўсё новае, толькі што пашытае. Над сталом у пакоі схіліліся два афіцэры — немалады ў пацёртым мундзіры капітан і апрануты з іголачкі лейтэнант. Навуменка.

іго́лачнік, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе іголкі.

іго́лачніца, ‑ы, ж.

Жан. да іголачнік.

іго́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іголкі. Іголачнае вушка. Іголачны ўкол.

іго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Прылада для шыцця — тонкі металічны шпень з завостраным канцом і вушкам для ніткі. Кравецкая іголка. Машынная іголка. Мяшочная іголка. Уцягнуць нітку ў іголку. □ Ні зямлі, ні каня.. [кравец] не меў, дома сядзеў мала, а паўвека свайго правандраваў па свеце з адмысловай іголкай, шыючы людзям кажухі.. Чорны.

2. Тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння. Патэфонная іголка. Іголка для падскурных упырскванняў.

3. Ліст хвойных дрэў і кустоў. Ядлаўцовая іголка. Хвойныя іголкі. □ Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. // Калючка ў некаторых раслін. Шыпшынавая іголка. Кактусавая іголка.

4. Тонкая калючка на целе некаторых жывёл. На сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. В. Вольскі.

5. чаго або якая. Тонкі востры крышталь чаго‑н. Іголкі інею. □ Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны.

6. звычайна мн. (іго́лкі, ‑лак); перан. Зласлівыя насмешкі, выказванні. Падпускаць іголкі. □ — Наогул, Шэмет дзівакаваты чалавек. Ты да яго, бывае, як ватка прыляжаш, а ён да цябе вожыкам, іголкі свае так і садзіць. Лобан.

•••

З іголкі — тое, што і з іголачкі (гл. іголачка).

Не іголка (у знач. вык.) — знойдзецца, не згубіцца.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Як іголка ў стозе сена — непрыкметны, якога нельга знайсці. — У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, і гарадскіх, і прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Мележ.

Як на іголках — у стане нервовага ўзбуджэння, хвалявання (быць, сядзець і пад.).

іго́лкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да іголкі; іголачны. Іголкавы цэх. Іголкавая вытворчасць.

іголкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму іголкі. Іголкападобны хваёвы ліст.