трэпа́н, ‑а, м.
Спец. Інструмент для свідравання косці пры трэпанацыі.
[Фр. trépan з грэч.]
трэпанава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад трэпанаваць.
трэпанава́цца, ‑нуецца; незак.
Зал. да трэпанаваць.
трэпанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.
Зрабіць (рабіць) трэпанацыю чаго‑н. Трэпанаваць чэрап.
трэпана́цыя, ‑і, ж.
Хірургічная аперацыя, звязаная са свідраваннем, ускрыццём косці з мэтай пранікнення да ачага хваробы. Трэпанацыя чэрапа.
[Фр. trépanation.]
трэпа́нг, ‑а, м.
Марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых, мяса якой з’яўляецца каштоўным харчовым прадуктам.
[Малайск.]
трэпа́нгавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да трэпанга; звязаны з лоўляй трэпангаў.
трэск, ‑у, м.
1. Сухі, рэзкі гук, які ўтвараецца пры ламанні, трэсканні, разрыванні і пад. чаго‑н. Трэск ламачча. □ Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі. Кладка рыпіць і вагаецца. Раздаецца трэск, і я лячу ў прорву. Аляхновіч. // Шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў і пад. Неўзабаве .. [Залівака] пачуў роў самалётаў, а потым сухі трэск кулямётаў. Гурскі. Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню па паляне. Лынькоў. У рупары пачуўся лёгкі сухі трэск, а потым голас дыктара абвясціў: — Увага! Шашкоў.
2. перан. Разм. Шуміха, пустыя размовы, балбатня. Працаваць без шуму і трэску.
•••
З трэскам — са скандалам, з ганьбай (выгнаць, зняць з пасады, праваліцца на экзамене і пад.).
трэ́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Тонкі кусок дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка. Доўгая белая трэска круцілася з-пад сякеры. Дуброўскі. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Сіпакоў. Паволі, роўна чахкае яго бывалая сякера, плазуючы бервяно, і не трэскі ляцяць, а адганяецца ад бервяна суцэльная і доўгая, як дошка, трэска. Брыль. От яна [дзяўчына] спынілася, разаслала на зямлю дзяругу і пачала выбіраць і класці на яе большыя трэскі. Чорны.
трэ́сканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. трэскаць і стан паводле знач. дзеясл. трэскацца.