розна... (а таксама разна...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «розны», напрыклад: рознагалосы, рознабаковы, разнастайны, разнастопны.
рознааблі́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які адрозніваецца знешнім выглядам. Рознааблічны натоўп.
рознабако́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць рознабаковага. Рознабаковасць інтарэсаў.
рознабако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае розныя бакі чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і пад.); разнастайны. Рознабаковая дзейнасць. □ Рознабаковаю была сувязь Міцкевіча з беларускім фальклорам. Лойка.
рознавысо́кі, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае неаднолькавую вышыню. Рознавысокія паралельныя брусы (спартыўная прылада).
рознагало́сіца, ‑ы, ж.
Тое, што і рознагалоссе. У галаве мітусілася рознагалосіца гукаў, чутая ўдзень на полі. Мележ. Гарачая рознагалосіца пачуццяў — і няёмкасць, і гордасць, і патаемнае шчасце — зноў зашумела ў Алесевай галаве. Брыль.
рознагало́ссе, ‑я, н.
1. Бязладныя галасы, гукі. Каровы .. вадзілі дзікавата галовамі, настаўлялі рогі, слалі на людское рознагалоссе тужлівае рыканне. Мележ. Дарога была пустэльная і ціхая, затое лес поўніўся птушыным рознагалоссем. Хадкевіч.
2. Супярэчлівасць, няўзгодненасць (слоў, думак і пад.). Рознагалоссе ў паказаннях сведак.
3. Адсутнасць згоды, адзінства ў поглядах, думках, інтарэсах. Усе прытрымліваліся адзінай думкі: фашыста біць нягледзячы ні на снягі, ні на марозы. Былі некаторыя рознагалоссі аб спосабах зімовага размяшчэння. Лынькоў. Былі ў Патапавіча рознагалоссі з Маханьком і ў іншых пытаннях. Кулакоўскі.
рознагало́сы, ‑ая, ‑ае.
Які адрозніваецца ад іншага (іншых) голасам, гучаннем. Тысячы рознагалосых птушак напоўнілі паветра свістам, шчэбетам і спевамі. Колас. Івана Лыкава падтрымалі рознагалосыя воклічы. Арабей. // Такі, у якім чутны розныя галасы. Рознагалосыя спевы. Рознагалосы тлум. □ З самай раніцы лес напоўніўся рознагалосым гоманам. Вірня.
рознаіме́нны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які нясе процілеглыя (дадатны або адмоўны) зарады. Рознаіменныя зарады.
рознакалі́берны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае розны калібр. Запрэжаныя па чатыры і тры пары цяжкавозы, напнуўшыся, цягнулі рознакаліберныя гарматы. Гурскі.
2. Разм. Розных памераў, рознай формы, фасону і пад. Зараз-жа дзябёлая Акуля — яна была старожкаю пры школе і разам гаспадыняю кухні — прынесла пяць рознакаліберных талерак, столькі ж зборных відэльцаў ды пару нажоў-інвалідаў. Колас.