бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.
2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.
3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.
бразь, выкл. у знач. вык.
Ужываецца ў знач. дзеясл. бразнуць, бразнуцца. А Марылька набрала кашы ды бразь лыжкай па лаве. Брыль.
брак, ‑у, м.
1. Недабраякасны тавар; прадметы вытворчасці, якія маюць тую ці іншую загану. [Лявон:] — Як жа так! Хіба можна Вырабляць сягоння брак? Корбан. // Загана, пашкоджанне, дэфект у чым‑н. Брак, нізкая якасць вырабаў, кім бы яны ні дапускаліся, заўсёды звязаны з непапраўнымі матэрыяльнымі і маральнымі выдаткамі. Машэраў. Адна з дэталей папярэдняй пліты была з бракам. Паслядовіч.
2. Разм. Нястача, адсутнасць, недахоп чаго‑н.
[Ням. Brack.]
бракава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. бракаваць (у 1 знач.).
бракава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад бракаваць.
2. у знач. прым. Які мае дэфекты. Бракаваныя вырабы.
бракава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да бакаваць (у 1 знач.).
бракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.
1. Прызнаваць што‑н. недабраякасным, заганным. Бракаваць тавар. // Адмаўляцца ад каго‑, чаго‑н., адвяргаць што‑н. [Маі:] — Ну дзякаваць і.. [Сяргею Пятровічу] і ўсім, што не бракуюць цябе [Касю]. Дубоўка.
2. безас. Неставаць, не хапаць; быць у недастатковай колькасці. Праўда, у.. [Аксёна Верамеевіча] бракавала ведаў, але Гаруноў амаль не заўважаў гэтага. Дуброўскі. [Лішчыкаву] патрэбен быў час на гаворку аб жыцці-быцці, а ў лётчыкаў на вайне часу бракавала. Алешка.
браканье́р, ‑а, м.
Той, хто займаецца браканьерствам. А браканьер пускае ў ход усе забароненыя прылады лоўлі і нават узрыўчатку. Вірня.
[Фр. braconnier.]
браканье́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да браканьера, да браканьерства. Браканьерскі спосаб палявання.
браканье́рства, ‑а, н.
Паляванне або лоўля рыбы ў недазволеным месцы, у забароненыя тэрміны або забароненымі спосабамі. Было і такое, калі нехта трахануў толам плёс на рэчцы, і ў рэдакцыю адной з газет паляцела пісьмо, што ў раёне няма барацьбы з браканьерствам. Паслядовіч.