Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непазбе́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непазбежнага; немінучасць. [Мяснікоў:] — Сацыялізм з такой жа непазбежнасцю прыйдзе на змену капіталізму, як дзень прыходзіць на змену ночы. Гурскі.

непазбе́жны, ‑ая, ‑ае.

Які вынікае з даных, пэўных абставін; якога нельга пазбегнуць; немінучы. Набліжаўся канец шпітальнаму жыццю, набліжаўся паход, магчыма, цяжкі, самаахвярны, але непазбежны. Кулакоўскі. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

непазбы́ўнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць непазбыўнага.

непазбы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Такі, які не праходзіць, ад якога цяжка пазбавіцца. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. Якое гэта непазбыўнае гора, калі, падначаленая волі бацькоў, дзяўчына ахвяруе сваім каханнем! Куляшоў.

непазнава́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непазнавальнага.

непазнава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяніўся настолькі, што яго цяжка пазнаць. Цяжка было паверыць, што гора можа за суткі зрабіць чалавека непазнавальным. Ваданосаў. Міне некалькі дзесяткаў гадоў, і пустыні стануць непазнавальнымі. Гавеман.

2. Недаступны пазнанню. У свеце няма нічога непазнавальнага.

непазна́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які яшчэ не вывучаны. Непазнаныя законы прыроды. / у знач. наз. непазна́нае, ‑ага, н. [Прафесар] непрыкметна кантралюе думкі, накіроўваючы іх туды, дзе пачынаецца яшчэ непазнанае ім, дзе блукае ён штодня са сваімі шуканнямі. Галавач.

2. Такі, якога не пазналі, не апазналі. Разумней за ўсё было б .. [Алесю] кінуць гэтую вёску і непазнаным паехаць назад. Караткевіч.

непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.

1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.

2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.

непако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; незак., каго.

1. Выклікаць непакой, трывогу, хваляванне. Думка аб тым, як памірыцца з дзедам, увесь час непакоіла хлопчыка. Сіняўскі. Наступіў дзень, а Ядзі не было. Гэта непакоіла Сашу: чаму спазняецца? Новікаў. // Абуджаць непакой, хваляванне. Вечары. Сяло. Гулянкі. Пах садоў мяне дурманіў. І дзявочыя вяснянкі Непакоілі ў тумане. Аўрамчык.

2. Парушаць чый‑н. спакой, турбаваць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. Гартны. Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. Пакуль добра не развіднела, [жанчыны] ішлі спакойна, а як паднялося сонца, пачалі непакоіць самалёты. Гурскі. // Прычыняць боль. «Не будзем.. [асколкі] чапаць, — сказаў хірург, — яны ў мякаці і неўзабаве перастануць непакоіць». Марціновіч. Апошні год штосьці зноў пачала непакоіць левая нага, ампутаваная да калена. Васілевіч.

непако́й, ‑ю, м.

1. Стан душэўнай трывогі, хвалявання, выкліканы чым‑н. Дні трывог, страху і непакою пачаліся для дзеда Талаша і яго сям’і. Колас. Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. З надыходам восені ўсё з большым непакоем заглядваў Шыманскі на малочную ферму. Дуброўскі.

2. Турботы, клопаты. Мой непакой за спраўнасць ахоўвання межаў радзімы развеяўся [на заставе] вельмі хутка. Брыль. Смокча душу балючы непакой: як.. [сын] там ходзіць ці бегае, з кім, дзе, чаго? Кулакоўскі.