непакоіць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; незак., каго.
1. Выклікаць непакой, трывогу, хваляванне. Думка аб тым, як памірыцца з дзедам, увесь час непакоіла хлопчыка. Сіняўскі. Наступіў дзень, а Ядзі не было. Гэта непакоіла Сашу: чаму спазняецца? Новікаў. // Абуджаць непакой, хваляванне. Вечары. Сяло. Гулянкі. Пах садоў мяне дурманіў. І дзявочыя вяснянкі Непакоілі ў тумане. Аўрамчык.
2. Парушаць чый‑н. спакой, турбаваць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. Гартны. Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. Пакуль добра не развіднела, [жанчыны] ішлі спакойна, а як паднялося сонца, пачалі непакоіць самалёты. Гурскі. // Прычыняць боль. «Не будзем.. [асколкі] чапаць, — сказаў хірург, — яны ў мякаці і неўзабаве перастануць непакоіць». Марціновіч. Апошні год штосьці зноў пачала непакоіць левая нага, ампутаваная да калена. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)