павіту́хавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да павітухі 2. Павітухавая кветка.
2. у знач. наз. павіту́хавыя, ‑ых. Сямейства аднагадовых паразітычных раслін з тонкім павойным сцяблом, да якога адносяцца розныя віды павітухі 2.
паві́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад павіць.
павіхля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Разм. Віхляць некаторы час. Памахаеш рукамі, павіхляеш нагамі, сюды-туды паясніцай — і бадзёры. Аношкін.
паві́цца, паўецца; зак.
1. Пачаць віцца. Два дымкі павіліся да столі. Броўка.
2. Уючыся, закрыць сабою. Па сценах хмель павіўся, Заслаў лістотай дом. Гілевіч. // Закруціцца адно за другое. Збажына сёлета такая вырасла, так павілася ды пакруцілася, што камбайны не спраўляліся адны. Місько.
паві́ць, паўю, паўеш, паўе; паўём, паўяце; заг. паві; зак., што.
1. і без дап. Віць некаторы час.
2. Звіць усё, многае. Павіць усе ніткі ў клубок.
павішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; зак.
Разм. Вішчаць некаторы час.
павія́н, ‑а, м.
Буйная малпа з падоўжанай мордай, якая жыве ў Афрыцы і Аравіі.
[Ням. Pavian.]
паво́ддаль, прысл. і прыназ.
1. прысл. На некаторай адлегласці ад каго‑, чаго‑н. Паселі [людзі на прывале] хто як мог.. Канваіры сядзелі паводдаль і ўміналі кансервы з хлебам. Ставер.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «паводдаль» выражае прасторавыя адносіны: указвае на прадмет ці асобу, на некаторай адлегласці ад якіх што‑н. размяшчаецца. Выпускнікі ціхенька размясціліся паводдаль сталоў прэзідыума. Кулакоўскі.
паво́ддзе, ‑я, н., зб.
Павады. Калматыя ад інею коні пафырквалі, тузалі паводдзем. Лынькоў. Звінелі коні цуглямі, паводдзе з плота рвалі, а з коннікамі смуглымі дзяўчаты жартавалі. Гаўрусёў.
паво́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да павадзіць.