Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паві́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да павы.

павіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да павіснуць.

павісе́ць, ‑вішу, ‑вісіш, ‑вісіць; зак.

Вісець некаторы час. [Шпак] толькі павісеў у паветры, хутка-хутка трапечучы крыльцамі, і паляцеў у бок сіняга лесу. Сіняўскі. Самалёт, як крумкач, павісеў над пярэднім краем, зрабіў круг і павярнуў да тылоў батальёна. Дудо.

паві́скванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. павіскваць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Лёгкае павіскванне.

паві́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Вішчаць час ад часу, паціху. Лыска павіскваў і, аблізваючыся, глядзеў у вочы.. [Андрушку]. Лобан. Адчайна павісквалі скрыпкі, рассыпаліся з вясёлым перазвонам срэбныя бомы. Лынькоў.

паві́слы, ‑ая, ‑ае.

Які павіс, абвіс. Уецца фасоля з павіслымі стручкамі-лапаткамі. Гарэцкі.

паві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. павіс, ‑ла і павіснуў, ‑нула; зак.

1. Зачапіўшыся за што‑н., застацца вісець, утрымлівацца на чым‑н. Павіс снег на галінах. Павіслі слёзы на вейках. □ Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Нарэшце.. [чалавек] ухапіўся рукамі за апошні сук, павіснуў на момант і тады ўжо скокнуў на зямлю. Чыгрынаў. // Абаперціся на каго‑н. усім цяжарам. Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата і амаль павісла ў яго на руцэ. Карпаў.

2. Абвіснуць; апусціцца. Павіслі галіны да зямлі. □ Міхась пабялеў.. Чуб яго смешна павіс на правае вуха. Чарнышэвіч. Капітан глядзеў на профіль Колі, у якога над невялікім носам павіс казырок кепкі. Пестрак.

3. Стварыць уражанне чаго‑н. завіслага або нерухомага ў паветры. Павіслі туманы. □ Сіняя страказа, што сядзела на гарлачыку, успырхнула, павісла над вадой. Хомчанка. / Пра нябесныя свяцілы. Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. Грахоўскі. Залатымі яблыкамі павіслі над галавою зоры. Нікановіч. / Пра гукі, пахі. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч. // перан. Пра якія‑н. пачуцці, прадчуванні. Ужо два тыдні як над сялом павіс нейкі страх і трывога. Колас.

4. Выступіць, навіснуць над чым‑н. Скала павісла над морам. // Нахіліўшыся над чым‑н., звесіцца. Якуб Сегень павіс тварам цераз трыбунныя балясы над натоўпам, каб прывітаць усіх ад імя калгаснікаў. Чорны. // Вісець, будучы прычэпленым, прымацаваным да чаго‑н. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Карпаў. Адзін самалёт цягнуў на правым крыле доўгую чорную пасму дыму. Неўзабаве з яго выкінуліся і павіслі на парашутах чорныя кропкі. Паўлаў.

•••

Павіснуць у паветры — застацца нявырашаным.

павіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Павітаць адзін аднаго пры сустрэчы; паздароўкацца. Мужчыны моўчкі павіталіся за рукі. Дуброўскі. Мікодым увайшоў у пакой, ціха павітаўся, не адыходзячы ад парога. Марціновіч.

павіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Карней .. павітаў Дзяніса «добрым днём» і прапанаваў распрануцца. Гроднеў.

2. Тое, што і павіншаваць. Прыляцеў і закружыўся Ён над хатаю маёй. Гучным бульканнем заліўся, Павітаў мяне з вясной. Кляўко.

павіту́ха ​1, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Уст. Жанчына, якая дапамагае пры родах. [Сарокін] кінуўся ў дзверы і, не звяртаючы ўвагі на павітуху, якая сярдзіта махала на яго рукамі, прайшоў да жонкі. Данілевіч.

павіту́ха ​2, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

Пустазелле сямейства павітухавых, сцябло якога абвіваецца вакол іншых раслін і высмоктвае з іх сокі.