Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

не́нец,

гл. ненцы.

не́нка,

гл. ненцы.

ненумарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім адсутнічае нумарацыя. Ненумараваныя старонкі.

не́нцы, ‑аў, адз. ненец, ‑нца, м.; ненка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. ненкі, ‑нак; ж.

Народнасць, якая жыве на тэрыторыі Ненецкай, Ямала-Ненецкай і Таймырскай аўтаномных акруг, якія ўваходзяць у склад РСФСР.

нео́н, ‑у, м.

Хімічны элемент, газ без колеру і паху (выкарыстоўваецца для напаўнення электрычных лямпачак, у сігнальных, рэкламных і пад. асвятляльных прыладах).

[Ад грэч. néos — новы.]

нео́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да неону, уласцівы яму. Над будынкам прыгожа і ярка ўспыхвалі неонавыя агні. Гамолка. // Зроблены з дапамогай неону. Неонавая рэклама.

•••

Неонавая лямпа гл. лямпа.

непава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

Адсутнасць павагі, да каго‑, чаго‑н.; непачцівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Захопнікі без разбору жорстка каралі ўсіх, хто хоць чым-небудзь праяўляў сваю непавагу да іх улады. Кухараў. [Старшыня журы:] — Устаць, загадваю я вам! Іначай вы будзеце адказваць за непавагу і абразу журы. Лынькоў.

непаваро́тлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непаваротлівага. Больш за ўсіх ад Гаварушкі даставалася самому Дземідовічу за яго непаваротлівасць, за яго сялянскую марудлівасць. Лобан.

непаваро́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Павольны, марудны, няспрытны ў рухах. Прыехаў я ў Мінск як самы сапраўдны правінцыял: нясмелы, непаваротлівы, сарамяжы. Скрыган. Над галавою.. з натужным р[о]вам, ад якога стагнала зямля, сунуліся непаваротлівыя бамбардзіроўшчыкі. Мележ. // перан. Някемлівы, нерухавы (у справе). Як не даваў.. [Гарачун] спуску пустазеллю і агрэхам, так і не было ад яго спакою і некаторым непаваротлівым брыгадзірам. Шахавец.

непаваро́тны, ‑ая, ‑ае.

Абл. Непаваротлівы. Непаваротная жаба смешна заварушыла кароценькімі лапкамі, уцякаючы далей ад агню. Колас.