бестэрміно́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не мае тэрміну, не абмежаваны ім. Бестэрміновы пашпарт. □ Зямля, якую займаюць калгасы, замацоўваецца за імі ў бясплатнае і бестэрміновае карыстанне, гэта значыць навечна. Канстытуцыя БССР.
бесхара́ктарнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бесхарактарнага.
бесхара́ктарны, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка паддаецца чужому ўздзеянню; бязвольны. Яна слабая, бесхарактарная. Яшчэ маці казала: «У цябе, Віка, характар — што разагрэты воск. З яго што хочаш можна вылепіць». Шамякін.
бесхаці́нец, ‑нца, м.
Чалавек, пазбаўлены свайго роднага жылля, воляю лёсу асуджаны на бадзянне па свеце. Сам бацька, бесхацінец, амаль жабрак, у вачах сялян выглядаў панскім сабакам. Лужанін.
бесхаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да бесхацінец.
бесхрыбе́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бесхрыбетнага. Тут, у апошняй сцэне, ад маналогаў і рэплік Сама патыхае жыццёвым гартам, пераконанасцю чалавека, які шмат чаго пабачыў, перажыў, таму мае права на навучанне, на тое, нават, каб кінуць папрок многім за мяккацеласць, бесхрыбетнасць у барацьбе з прыгнятальнікамі. Навуменка.
бесхрыбе́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае няцвёрды характар; няўстойлівы, беспрынцыповы. [Нагорны:] «Неабходна перш за ўсё ў сабе выхаваць пільнасць, нянавісць да ворага і вялікую любоў да сваіх людзей, якія апынуліся ў няволі. Іначай, які з мяне палітбаец, — бесхрыбетны чалавек». Гурскі.
бе́сцань, ‑і, ж.
У выразе: за бесцань (прадаць, аддаць) — задарма, вельмі танна. [Ціток:] — Відацкая нешта пачула, калі за бесцань лес аддала. Лобан.
бесцырымо́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бесцырымоннага; развязнасць. Не надта блізка знаёмы яны [Тарас і Славік] .. А таму Славіку пры ўсёй яго бесцырымоннасці нялёгка было папрасіць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца. Шамякін.
бесцырымо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які не звяртае ўвагі на агульнапрынятыя нормы паводзін; развязны. Заснавалі і сталі адразу прыкметныя бесцырымонныя кінааператары, фотакарэспандэнты. Карпаў. // Які адыходзіць ад агульнапрынятых нормаў паводзін, звычаяў. Раісу Антонаўну любілі ўсе і можа таму даравалі яе мужу бесцырымоннае ўмяшанне ў чужыя сямейныя справы. Асіпенка.