імяні́ннік, ‑а, м.
1. Чалавек у дзень сваіх імянін або ў дзень свайго нараджэння. Уручыць імянінніку падарунак.
2. перан. Жарт. Герой дня. Апошнія дні ў дзетдоме яны былі імяніннікамі. Не дзяжурылі на кухні, не мылі калідораў. Нядзведскі.
імяні́нны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, робіцца ў гонар імянін. Імянінны абед.
імяні́ны, ‑нін; адз. няма.
У католікаў і праваслаўных — асабістае штогадовае свята каго‑н., якое выпадае на той дзень, калі царква адзначае памяць аднайменнага святога. Ёсель хоць і быў непісьменны, але вёў строгі рэестр імянін і ўсіх сямейных свят у Панямонні. Колас. Сваю любоў і глыбокую пашану да мэтра, настаўніка і дэкана студэнты праявілі на ўсю паўнату маладых сэрцаў, калі адзначалі імяніны прафесара Ф. Рушчыца. Ліс. // Разм. Дзень нараджэння. У мяне, дарэчы, імяніны: Заўтра стукне роўна... дваццаць год! Гілевіч. // Святкаванне, бяседа з гэтай нагоды, у гонар гэтага дня. Справіць імяніны. Запрасіць на імяніны.
імянны́, ‑ая, ‑ое.
Памечаны імем уладальніка; выдадзены на чыё‑н. імя. Імянны пярсцёнак. □ [Браніслава Іванаўна] узнагароджана імянным залатым гадзіннікам, 60 граматамі, медалём «За працоўную доблесць». Данілевіч. // Імя каго‑н. Імянная стыпендыя.
•••
Імянны спіс гл. спіс.
інава́цыя, ‑і, ж.
Новая з’ява ў мове, якая адрознівае яе ад першапачатковага або ранейшага стану. Лексічная інавацыя. Семантычная інавацыя.
[Англ. innovation.]
інагура́цыя, ‑і, ж.
Урачыстая працэдура ўступлення на пасаду кіраўніка дзяржавы, каранацыі манарха.
[Ад лац. inauguro — пасвячаю.]
інактыва́цыя, ‑і, ж.
Спец. Зніжэнне актыўнасці мікраарганізмаў, а таксама спецыфічных бялковых рэчываў пад уплывам розных фактараў.
іна́кш, прысл. і злучн.
1. прысл. Тое, што і іначай (у 1 знач.). Ужо зусім інакш, сустракалі назаўтра хлопцы сясцёр. Грахоўскі. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш. Маўр.
2. злучн. супраціўны. Тое, што і іначай (у 2 знач.). Данік разумеў, што там — вялікі бой, можа нават такі, як бітва пад Барадзіно.., інакш немцы не кідалі б столькі авіяцыі. Шамякін.
3. злучн. далучальны. Далучае члены сказа, якія растлумачваюць змест папярэдніх слоў ці сказаў. [Бабручыха] была баба, як кажуць, набожная — кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль.
•••
Інакш кажучы гл. кажучы.
Так ці інакш гл. так.
іна́кшы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і іншы. Вялося многа там ласёў І дзікіх коз было. Цяпер іх, кажуць, не відно, Не чуцен грозны рык; І п’юць хваёвае віно Інакшыя звяры... Панчанка.