Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бестакто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не прытрымліваецца такту ў абыходжанні з людзьмі; нетактоўны. Але ж перад.. [Лёдзяй] стаяла не проста аслепленая непрыязнасцю, бестактоўная эгаістка, а Юркава маці. Карпаў. // Неадпаведны абставінам; недарэчны. [Лемяшэвіч] гэтак жа, як і Бушыла, быў абураны бестактоўным учынкам завуча. Шамякін.

бе́сталач, ‑ы, ж.

Разм.

1. Беспарадак, неразбярыха; бесталкоўшчына. [Мароз:] — Гм [Ціхаміраў] паглядзі, што ў цябе там на руме робіцца! Там жа пад’ехаць нельга! Такая бесталач! Лобан.

2. Бесталковы чалавек.

бесталко́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць бесталковага. [Пітолін:] — Я не прыхільнік прымаўкі: толк выйдзе, бесталковасць астанецца... Грамовіч.

бесталко́віца, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і бесталкоўшчына.

бесталко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Някемлівы, няцямлівы, неразумны. Бесталковы гаспадар.

2. Бязладны, хаатычны; бяссэнсны. А думкі, бесталковыя, дзікія думкі заварушыліся ў ім [у Васілю] скора-скора, як снег. Колас. [Дубовік] ішоў дадому з такім адчуваннем, нібы толькі закончыў нейкую бесталковую беганіну. Чарнышэвіч.

бесталко́ўшчына, ‑ы, ж.

Адсутнасць толку, парадку ў чым‑н.; дрэнная арганізацыя якой‑н. справы; бесталковіца. Што б ён [Гаварушка] хаця сказаў? Сказаў бы: сабатаж там, дзе пануе бесталкоўшчына, дзе скавана ініцыятыва мае, дзе людзі ператвораны ў сляпых выканаўцаў. Лобан.

бестрыво́жны, ‑ая, ‑ае.

Які не ведае трывог. У бестрывожнае юнацтва Падзьмула горача вайна, І давялося мне спазнацца З трывогай — грозная яна. Ляпёшкін.

бестсе́лер, ‑а, м.

У шэрагу замежных краін — ходкая, выдадзеная вялікім тыражом, кніга; ходкі тавар.

[Ад англ. best — лепшы, большы і sell — прадавацца.]

бестурбо́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць бестурботнага; адсутнасць турботы. Лабановіч аднойчы сустракаўся з ім і ўпадабаў пастуха за бестурботнасць, [весялосць] і лагоднасць. Колас.

2. Бестурботныя адносіны да чаго‑н. А на гэтых пасяджэннях знаходзіліся ахвотнікі і пахвальвалі .. [Шалюту] за заслугі. Пачало расці патрошку зазнайства, з’явілася бестурботнасць. Дуброўскі.

бестурбо́тны, ‑ая, ‑ае.

Які з лёгкасцю адносіцца да жыццёвых спраў і турбот; бесклапотны. Даверлівая і бестурботная,.. [Таня] сама ва ўсім вінавата. Грамовіч. // Уласцівы такому чалавеку. Бестурботны характар. // Які выяўляе адсутнасць турботы. [Максім Сцяпанавіч] уваходзіў у палату з бестурботнай усмешкай. Карпаў. На шчоках у Чухноўскага гарыць румянец, у вачах — бестурботны блакіт. Пестрак. // Не звязаны з жыццёвымі турботамі, далёкі ад іх. Меншыя Аўгініны дзеці — два хлопчыкі — спалі бестурботным сном шчаслівага дзяцінства. Колас.