незразуме́лы, ‑ая, ‑ае.
Такі, які цяжка, немагчыма зразумець. Незразумелае пытанне. Незразумелая мова. □ Я прагна прыслухоўваўся да гутарак, да незразумелых мне слоў. Бядуля. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Яшчэ не выцвіў лак на ім, не пасц[іра]ліся незразумелыя жоўтыя літары і знакі. Лынькоў. // Такі, які цяжка дакладна вызначыць, ахарактарызаваць; загадкавы, дзіўны. Лемяшэвіч падымаўся па лесвіцы з нейкім незразумелым хваляваннем. Шамякін. Я ўсё часцей лаўлю ў цішы Даўно забытай песні водгук, Што сее дзесь на дне душы Незразумелую трывогу. Гілевіч.
незычлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць незычлівага; незычлівыя, непрыязныя адносіны да каго‑, чаго‑н.
незычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які не зычыць дабра людзям, праяўляе непрыязнасць, непрыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Незычлівая крытыка.
незямны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які знаходзіцца па-за межамі Зямлі 1 (у 1 знач.).
2. перан. Узвышаны, незвычайны; ідэальны. Дзяўчына здавалася яму нечым незямным: заходзіла яна ў клас — і для юнака ўзыходзіла сонца, набліжалася яна — і ён стойваў дыханне, быццам гэта магло абразіць яе. Шамякін.
нез’яўле́нне, ‑я, н.
Непрыбыццё, непрыход куды‑н. Нез’яўленне на работу.
неісто́тны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае істотнага значэння; другарадны. Неістотныя прыкметы. Неістотныя звесткі. □ Яны гаварылі пра нешта будзённае і неістотнае. Грахоўскі.
нейзі́льбер, ‑у, м.
Спец. Сплаў медзі і нікелю з цынкам, які ўжываецца для вырабу пасуды, а таксама ў машынабудаванні.
[Ням. Neusilber — новае серабро.]
нейзі́льберавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да нейзільберу, зроблены з гэтага сплаву.