Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вя́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да вяза (у 1 знач.). // Зроблены з вязу.

2. у знач. наз. вя́завыя, ‑ых. Сямейства лісцевых дрэў і кустоў; ільмовыя.

вяза́льнік, ‑а, м.

Разм. Тое, што і вязальшчык.

вяза́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для вязання. Вязальныя пруткі. Вязальная машына.

вяза́льшчык, ‑а, м.

Той, хто вяжа або звязвае што‑н. Вязальшчыкі снапоў. Вязальшчыкі сетак.

вяза́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да вязальшчык.

вя́занка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Вязаная рэч (кофта, світэр і пад.). Убачыўшы Кузьму, Насця затраслася ад радасці, а калі пабачыла падарунак, чырвоную вязанку, то і шчокі яе зачырванеліся, як тая кофтачка. Колас.

вяза́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Тое, што і вязка (у 3 знач.). Жанчына з той хаты на выгане несла з лесу вязанку сухога галля. Чорны.

вяза́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вязаць (у 1, 3 знач.).

2. Тое, што звязана або вяжацца (пруткамі, кручком і пад.). Валя, кінуўшы вязанне на стол, пабегла ў сенцы адсунуць засаўку. Васілевіч.

вя́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вязаць (у 1, 3 знач.).

2. у знач. прым. Зроблены вязаннем. Вязаныя рукавіцы.

вяза́цца, вяжуся, вяжашся, вяжацца; заг. вяжыся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў адпаведнасці з кім‑, чым‑н.; узгадняцца. Версія не вяжацца з фактамі. □ Гэта была праўда, але праўда гэтая не вязалася з душой жанчыны. Чорны. // Ладзіцца, атрымлівацца. Гаворка не вязалася. Лявону больш не было чаго казаць. Чарнышэвіч.

2. Прыставаць, прывязвацца, чапляцца. — А ты таксама не вяжыся вельмі да людзей! — параіла Вычыха. Кулакоўскі.

3. Зал. да вязаць (у 1, 3 знач.).

•••

Вязацца слатою — прыставаць, чапляцца да каго‑н.

Вязацца ў сварку — умешвацца, увязвацца ў сварку.

вяза́ць, вяжу, вяжаш, вяжа; заг. вяжы; незак.

1. што. Цесна злучаць, абвіваючы чым‑н., звязваць. Вязаць снапы. Вязаць плыты. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік. Чарот.

2. каго-што. Звязваць рукі, ногі, пазбаўляючы магчымасці рухацца. — Ну, хлопцы, вяжы.. [бандытаў], бяры! Хутчэй, не драмаць. Колас. Вяжы яму рукі папружкаю! — крыкнуў стары Юзіку. Чорны. // перан. Не даваць волі, перашкаджаць каму‑н. рабіць што‑н. [Дзеда] не вяжуць, як другога, Застылай мудрасці гужы. Колас.

3. што і без дап. Плесці кручком, пруткамі і пад. Вязаць рукавіцы, карункі.

4. Быць вязкім, мець уласцівасць сцягваць. // безас. Сцягваць (пра адчуванне сцягвання ад якога‑н. рэчыва). У роце вяжа.

5. Валодаць уласцівасцю змацоўваць цвёрдыя рэчывы.

•••

Лыка не вяжа — пра п’янага, які ледзь можа гаварыць.