Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

незлічо́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць незлічонага.

незлічо́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які цяжка або немагчыма палічыць; непамерны па колькасці. Па роўнай, бліскучай стужцы асфальту віруе незлічоны паток машын. Хведаровіч. Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ.

незмаўка́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не змаўкае працяглы час. Незмаўкальны спеў птушак.

незнаёмец, ‑мца, м.

Незнаёмы, невядомы чалавек. Паціху прабіраючыся наперад, Алесь не зводзіў вачэй з незнаёмца. Ваданосаў.

незнаёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Жан. да незнаёмец.

незнаёмы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не ведаюць, з якім не сустракаліся раней; невядомы. Дзед Талаш і Мартын маўчаць, не спускаюць з вока незнаёмага чалавека. Колас. Спускацца паблізу на парашуце таксама нельга было.. Давялося выскачыць далекавата ад пляцоўкі над незнаёмымі зараснікамі. Кулакоўскі.

2. Неўласцівы для каго‑н.; чужы. — Калі ты завяла .. [жонку ў бальніцу]? Раніцою ж нічога не было, — сказаў ён незнаёмым самому сабе голасам. Арабей. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся [цётцы Эміліі] новымі, незнаёмымі. Маўр.

3. Які не зведаў, не зазнаў чаго‑н. Светлыя хмаркі — дзеткі прастору — Ціха па небе плывуць, Ім незнаёмы слёзы і гора, Смутак і жаль іх не рвуць. Колас.

4. Які не належыць да ліку знаёмых каго‑н. [Памешчык:] — Ты хто, нешта цябе я не памятаю? — Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... — працадзіў дзед скрозь зубы. Лынькоў.

5. у знач. наз. незнаёмы, ‑ага, м.; незнаёмая, ‑ай, ж. Той (тая), каго не ведаюць, хто не належыць да ліку знаёмых; чужы чалавек. Дзед Аляксей, запытаўшыся «хто там», прапусціў незнаёмага ў кухню. Паслядовіч. — Незнаёмых, сынок, начаваць не пускай. — А як раптам хто свой? — Свой? А ты адгадай, Свой, ці не? Куляшоў.

незнаро́к, прысл.

Выпадкова, ненаўмысна; ненарокам. Ратуючыся з-пад машыны... [заяц] скокнуў, не гледзячы куды, і незнарок апынуўся па-за межамі светлай паласы. В. Вольскі. Маці збіралася даіць карову, незнарок бразнула вядром. Жычка.

незнахо́длівы, ‑ая, ‑ае.

Які не ўмее лёгка і хутка выходзіць з цяжкага становішча; нездагадлівы.

незразуме́ла,

1. Прысл. да незразумелы.

2. безас. у знач. вык. Аб немагчымасці для каго‑н. зразумець што‑н. Для.. [Лабановіча] было незразумела, як.. [пані падлоўчая] так пакорна, без усякага змагання, пагадзілася са сваёю доляю і не мае сілы скінуць з сябе гэты крыж жыцця. Колас.

незразуме́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць незразумелага. Незразумеласць тэксту. □ [Тварыцкі] доўга глядзеў на абрысы хмары над лесам. «А чаму Седаса біць трэба было?» Тут усё патанула ў цемень незразумеласці. Чорны.