Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трохпялёсткавы, ‑ая, ‑ае.

З трыма пялёсткамі. Трохпялёсткавая кветка.

трохра́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Трохрадны гармонік. На прызбе чубаты салдат-гарманіст па ўвесь мах расцягваў трохрадку. Ставер. Просценькая руская трохрадка З голасам задумліва глухім: У пярэстых, акуратных латках Кулямі прабітыя мяхі. Бураўкін.

трохрадко́ўе, ‑я, н.

Страфа з трох радкоў; тэрцэт.

трохра́дны, ‑ая, ‑ае.

1. З трыма радамі клавішаў (пра гармонік). Трохрадны гармонік.

2. Размешчаны трыма радамі, у тры рады. Трохрадная клёпка.

3. Прызначаны для высеву насення трыма радамі. Трохрадная сеялка.

трохразо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які тры разы быў. паўтараўся. Трохразовы гудок. // Які тры разы дамагаўся чаго‑н., атрымліваў што‑н. Трохразовы чэмпіён. // Прызначаны на тры разы, сапраўдны на тры разы. Трохразовы талон. // Які адбываецца тры разы, разлічаны на тры разы. Трохразовае харчаванне.

трохрублёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Вартасцю ў тры рублі.

2. Коштам у тры рублі. Трохрублёвы гальштук.

трохрублёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Разм. Грашовы знак вартасцю ў тры рублі. Чалавек нагнуўся падняць .. [грыб] і ўбачыў у сябе пад нагамі грошы — дзве трохрублёўкі. Чорны.

трохсеры́йны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з трох серый. Трохсерыйны фільм.

трохскладо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ў сваёй структуры мае тры склады. Трохскладовае слова.

трохслаёвы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з трох слаёў. Трохслаёвая фанера.