Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адтараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Адцягнуць, завалачы куды‑н. што‑н. [Майбарада:] — Адтарабанілі мы.. [машыну] тады ў механічную майстэрню ў саўгас, заключылі ўмову на капітальны рамонт. Скрыган. // Завезці, адвезці. Позняй восенню бацька запрог каня і адтарабаніў мяне ў вёску Цюцькі. Сабаленка.

адта́ць, адтане; зак.

Выйсці з замарожанага стану; вызваліцца ад лёду, снегу пад уздзеяннем цяпла. [Несцер:] — Вось крыху адтане зямля — прынясу з дому шчэпы і пасаджу на гэтым месцы. Кулакоўскі. Праз ноч зямля адтала, зрабілася мяккай. Якімовіч. // перан. Памякчэць, падабраць, пазбыцца суровасці. Сама Волька, заўважаючы ў сабе.. змену, не магла не дзівіцца, як яе жаночае сэрца адтала, сагрэлася і само пачало грэць. Васілевіч.

адтачы́ць, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак.

Зрабіць вострым, натачыць. Адточыць серп Рыгорка для Марылі, З пілы касу наладзіць. А. Александровіч. // перан. Удасканаліць майстэрства, зрабіць выразным (мову, стыль). Можна сказаць, што ў гэтай форме [аглядаў] Багдановіч адтачыў сваё пяро крытыка, тут упершыню бліснуў трапнасцю назіранняў, тонкім пранікненнем у канкрэтныя з’явы літаратурнага працэсу. Лойка.

адта́яць, ‑таю, ‑таеш, ‑тае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і адтаць. Вокны ў карчме адтаялі, і за імі відаць было, як застыў на дрэвах пушысты некрануты іней. Пестрак.

2. што. Вывесці з замарожанага стану, размарозіць. Адтаяць мяса. Адтаяць халадзільнік.

адто́к, ‑у, м.

Сцяканне якой‑н. вадкасці ў другое месца; проціл. прыток. Адток крыві.

адто́плены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адтапіць.

2. у знач. прым. Пра кіслае малако, у якім тварог аддзелены ад сыроваткі. Адтопленае малако.

адто́пліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адтопліваць — адтапіць.

адто́плівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адтапіцца.

2. Зал. да адтопліваць.

адто́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адтапіць.

адто́птвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да адтоптваць.