адсячы́, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ, ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. ‑сек, ‑секла, зак., што.
1. Аддзяліць, ударыўшы з размаху чым‑н. вострым. Вайна і яшчэ адну пакінула адмеціну: на левай руцэ.. [у Сцяпана] не хапала двух апошніх пальцаў — адсекла снарадам. Ракітны. [Агей:] — Куды ж без зямлі мне, няма мне тады ходу ў жыцці... лепш рукі мне адсекчы, чым без зямлі быць. Галавач. // перан. Рашуча пазбавіцца чаго‑н., парваць сувязь з чым‑н. [Каваль:] — Не куру. [Хлопец:] — Зусім? — Кінуў. — Ну, малайчына. А я сабе сказаў: да Першага мая, а там — адсяку. Савіцкі.
2. Зак. да адсякаць (у 2, 3 знач.).
3. Адказаць, сказаць у рэзкай, катэгарычнай форме. А машыніст на ўсе пагрозы нібы адсек: — Не павязу! Дудар.
адсячы́ся, ‑сячэцца; ‑сякуцца; пр. ‑секся, ‑секлася; зак.
Аддзяліцца ў выніку ўдара чым‑н. вострым.
адсячэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. адсячы (у 1, 2 знач.), адсекчы.
•••
Даць галаву на адсячэнне гл. даць.
адтава́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. адтаваць — адтаць.
адта́йванне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адтайваць — адтаяць.
адта́йвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да адтайваць.
адта́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да адтаяць.
адтакава́ць, ‑куе; зак.
Кончыць такаваць. Цецерукі адтакавалі.
адта́лы, ‑ая, ‑ае.
Які адтаў, падтаў пад уздзеяннем цяпла. Сцежка яшчэ не абсохла, адталая зямля ўгіналася пад нагамі і было мякка ступаць. Пташнікаў. Даніла.. праз адталы ражок шыбы ўбачыў Ларысу. Кулакоўскі. Адразу запахла сырой адталай зямлёй. Шамякін.