недаяда́нне, ‑я, н.
Недастатковае харчаванне. Ад недаядання худзеў твар, але гарэлі вочы прамяністым бляскам — юнак ішоў па храму навукі. Пестрак.
недаяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Сістэматычна не наядацца; дрэнна харчавацца. Людзі працуюць, як праклятыя, недаядаюць, недасыпаюць, б’юцца, як рыба аб лёд, каб з зямлянак вылезці, каб перажыць галодную вясну і поле засеяць. Сяркоў. [Маці] недаядала, усё лепшае, чым магла разжыцца, пакідала сыну. Няхай.
2. Незак. да недаесці.
недвухсэ́нсавы, ‑ая, ‑ае.
Які не дапускае дваякага разумення, тлумачэння. Недвухсэнсавы намёк.
недвухсэнсо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і недвухсэнсавы. Алесь крыху пачырванеў і не адказаў. Ён разумеў гэты недвухсэнсоўны намёк. Ваданосаў.
не́дзе, прысл.
1. У нейкім, дакладна невядомым месцы; дзесьці. Я чую гул. У высях недзе Ракоча, кружыць самалёт. Колас. — Не магу адразу пазнаць, — сказаў гаспадар, — недзе я вас бачыў. Чорны. Атрад за ноч быў напалову абыдзены з поўначы. Там недзе немцы прарваліся цераз Нёман. Брыль.
2. з інф. Няма месца (дзе можна было б што‑н. зрабіць, размясціцца і пад.). Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі: — Ратуйцеся, немцы ў лесе... Але хавацца было ўжо недзе. Лынькоў.
3. з інф. Неадкуль (што‑н. узяць, атрымаць і пад.). Недзе было ўзяць вады.
4. Невядома куды, кудысьці. Хутка настаўнік недзе выехаў, школа апусцела. Якімовіч.
5. Ужываецца ў выпадках, калі дакладна не вызначаецца час дзеяння. Убачымся недзе на тым тыдні. □ Назаўтра, недзе блізка к абеду, у вёску заявіўся конны разведчык. Пестрак.
6. Разм. Ужываецца пры выказванні няўпэўненасці, меркавання. — Вазьмі, — пхала жанчына Косціку хлеб у руку. — З’ясі па дарозе. Галодны ж недзе. Арабей.
недзеяздо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан недзеяздольнага.
недзеяздо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Кніжн. Няздольны да дзеяння, да дзейнасці. Недзеяздольная арганізацыя.
2. Спец. Які не мае права рабіць дзеянні юрыдычнага характару і не нясе адказнасці за свае ўчынкі. Недзеяздольны кліент.
недзіця́чы, ‑ая, ‑ае.
Які не ўласцівы дзіцячаму ўзросту, дзецям. Недзіцячая сур’ёзнасць. □ На заплаканы тварык балюча глядзець, У вачах — недзіцячае гора. Гілевіч.
недзялі́масць, ‑і, ж.
Кніжн. Няздольнасць дзяліцца, распадацца на часткі; непадзельнасць.
недружалю́бнасць, ‑і, ж.
Непрыязныя адносіны, непрыхільнасць да каго‑н. Зіна.. пачула недружалюбнасць у голасе мужа і адразу ж убегла ў пакой. Дуброўскі.