недзе, прысл.

1. У нейкім, дакладна невядомым месцы; дзесьці. Я чую гул. У высях недзе Ракоча, кружыць самалёт. Колас. — Не магу адразу пазнаць, — сказаў гаспадар, — недзе я вас бачыў. Чорны. Атрад за ноч быў напалову абыдзены з поўначы. Там недзе немцы прарваліся цераз Нёман. Брыль.

2. з інф. Няма месца (дзе можна было б што‑н. зрабіць, размясціцца і пад.). Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі: — Ратуйцеся, немцы ў лесе... Але хавацца было ўжо недзе. Лынькоў.

3. з інф. Неадкуль (што‑н. узяць, атрымаць і пад.). Недзе было ўзяць вады.

4. Невядома куды, кудысьці. Хутка настаўнік недзе выехаў, школа апусцела. Якімовіч.

5. Ужываецца ў выпадках, калі дакладна не вызначаецца час дзеяння. Убачымся недзе на тым тыдні. ▪ Назаўтра, недзе блізка к абеду, у вёску заявіўся конны разведчык. Пестрак.

6. Разм. Ужываецца пры выказванні няўпэўненасці, меркавання. — Вазьмі, — пхала жанчына Косціку хлеб у руку. — З’ясі па дарозе. Галодны ж недзе. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)